Як даніна Палессю...

Падумала аб гэтым, калі даведалася, што ўраджэнец Лунінца, які з маленства жыў у Вільнюсе, навуковую дзейнасць прысвяціў лесу.
Гэта прозвішча неаднаразова змяшчалася на старонках нашай газеты, але заўсёды адносілася да яго бацькі. Выкладчык Лунінецкай рускай рэальнай гімназіі ў 1926-ым пераклаў “Слова аб палку Ігаравым” на сучасную рускую мову, чым набыў значную вядомасць для нашага горада. Ужо ў ХХІ стагоддзі сын прыклаў шмат намаганняў для папулярызацыі творчай спадчыны бацькі, якія сталі паспяховымі гуманітарнымі беларуска-літоўска-расійскімі праектамі. Аднак, не толькі за выкананне сыноўняга абавязку, але і за сваю навуковую дзейнасць наш зямляк варты павагі і пашаны.
Яго мама была дачкой дыякана Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы, які для яе і сястры пабудаваў дзвюхкватэрны дом на “Пясках” (цяпер гэта вуліца 17-га Верасня). Калі там нарадзіўся Алег Мікалаевіч Анцукевіч (01.01.1930-30.03.2012), яго бацька настаўнічаў ужо ў польскай гімназіі ў Стоўпцах (так называўся цяперашні горад Стаўбцы, што на Міншчыне). У 1933-ім яму прапанавалі выкладанне латыні ў адзінай на той час у Польшчы Віленскай беларускай гімназіі. Праз год да настаўніка (а потым і дырэктара ВБГ) далучылася ўся сям’я.
У 1936-ым Алег стаў займацца ў таксама адзінай тады ў Вільні рускай пачатковай школе №36. Вучоба прыпала і на савецкі час, калі сталіца Заходняй Беларусі стала сталіцай Літвы, і на перыяд вайны. У 1947-ым з сярэбраным медалём закончыў Вільнюскую рускую гімназію №4 імя двойчы Героя Савецкага Саюза генерала І.Д. Чарняхоўскага. Тады ж паступіў на лясны факультэт універсітэта, які неўзабаве ўвайшоў у склад Літоўскай сельгасакадэміі. Як выдатнік вучобы студэнт быў накіраваны ў вядучую ВНУ СССР – Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію. Закончыў яе з чырвоным дыпломам і быў запрошаны ў аспірантуру па спецыяльнасці “эканоміка лясной гаспадаркі”.
Вярнуўшыся ў Вільнюс у 1956-ым, працаваў старшым эканамістам Дзяржплана і Дзяржзабеспячэння ЛітССР, начальнікам адной з партый Літоўскай канторы лесаўстройства, распрацоўшчыкам эканамічнай часткі плана развіцця лясной гаспадаркі на тры пяцігодкі. Прапанаваў аптымізацыю лесакарыстання, што ўвайшло ў тэорыю і практыку лясной галіны былой вялікай краіны пад назвай “разлік памеру галоўнага карыстання па метаду Анцукевіча”.
У 1960-ым абараніў дысертацыю па тэме “Эканамічнае значэнне прахадных і санітарных высечак (прамежкавага карыстання)” і атрымаў ступень кандыдата эканамічных навук. Адразу запрасілі ў ЛітНДІЛГ, дзе быў навуковым супрацоўнікам (з 1968-га – старшым НС, што аналагічна званню “дацэнт” у ВНУ), і амаль 30 год – кіраўніком апорнага пункта па эканоміцы лясной гаспадаркі, сумяшчаючы дзейнасць з пасадай начальніка лабараторыі па навуковай арганізацыі працы пры Мінлясгасе. Шмат год як член праўлення навукова-тэхнічнага таварыства ўзначальваў у ім секцыю эканомікі. З’яўляўся таксама экспертам па рашэнню доўгатэрміновых праблем развіцця лясной гаспадаркі і лясной прамысловасці заходняга раёна Саюза ў Дзяржплане СССР. З 1993-га быў доктарам сацыяльных навук.
Вынікі навуковай дзейнасці А.М. Анцукевіча выкладзены ў больш чым 150-ці працах, апублікаваных у літоўскім і замежным друку, выдаваліся асобнымі брашурамі. Некаторыя з іх у свой час аўтар перадаў у цэнтральную бібліятэку роднага горада.
У 2006-ым Алег Мікалаевіч праз 60 год наведаў Лунінец, дзякуючы чаму былі адкрыты новыя старонкі цікавага мінулага нашага краю. З таго часу аднаўленне сувязяў з малой радзімай адбывалася амаль штогод. Ён сустракаўся з лунінчанамі шэрагу працоўных калектываў і ўстаноў адукацыі, дарыў працы бацькі, выданню якіх спрыяў, і такім чынам працягваў знаёміць грамадскасць з творчай спадчынай М.П. Анцукевіча. У гонар яго з 2012 года праводзяцца гісторыка-філалагічныя чытанні ў Лунінецкай гімназіі, што можна лічыць духоўным запаветам нашага зямляка. Пасля смерці Алега Мікалаевіча плённым сувязям паміж Лунінцам і Вільнюсам спрыяе яго сын, названы ў гонар дзеда. На сёлетняй сустрэчы, у Год навукі, прагучыць даклад і аб самім А.М. Анцукевічу – адным з пляяды разумных лунінчан, якія служылі грамадству навуковай дзейнасцю.      
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии