Асветніцы

Такое хрысціянскае служенне неслі св. Таціана і св. Ніна, якіх ушаноўваем у апошні тыдзень студзеня.
Святым прысвяцілі чарговую сустрэчу “Дзень Анёла” ў інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”). Аб вартасці адзначэння дзён анёла і імянін паведаміў настаяцель іерэй Сергій Крышталь. Праграму падрыхтавалі ветэран педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова, якая нагадала аб літаратурных гераінях – Таццяне з паэмы Пушкіна “Яўген Анегін” і Ніне з лермантаўскага “Маскарада”, і відэааператар Васіль Іосіфавіч Бажко (прымаўшы вітанні з імянінамі, якія святкавалі 14 студзеня). Прагледзелі кароткія ролікі, што адлюстравалі храмы ў гонар мучаніцы і роўнаапостальнай, іх зямныя подзвігі на карысць хрысціянскай веры.

Сярод імянінніц пераважалі настаўніцы, а педагагічная дзейнасць у сваёй аснове таксама нясе асветную місію. Бліжэй пазнаёміліся з носьбітамі святых імёнаў. Светлай памяццю жывуць у сэрцах родных і вучняў Ніна Васільеўна Камандзіс і Ніна Аляксандраўна Ляўковіч, якія імкнуліся захапіць дзяцей прыгажосцю роднай мовы… Пра многіх калег-імянінніц расказала настаўніца СШ №1 г. Лунінца Святлана Мікалаеўна Літвінава. У сваю чаргу намеснік дырэктара СШ №1 Таццяна Браніславаўна Шостыр і Ніна Рыгораўна Лях, якая 22 гады выкладала матэматыку ў ліцэі (цяпер гімназія), адрасавалі шчырыя пажаданні міру і дабра навакольным. Прыхаджанкі храма Таццяна Міхайлаўна Дуньчык і Ніна Міхайлаўна Ждановіч актыўна ўдзельнічалі ў будаўніцтве новай царквы ў Лунінчы, што лічаць благаславеннем Божым… Услаўляючы Багародзіцу, можам ці не штодня віншаваць жанчын з імем Марыя. Старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Таццяна Аляксееўна Шпак прыгадала першую настаўніцу – Марыю Ігнатаўну Жыляеву (СШ №1), якая вяла ў Краіну Ведаў адначасова 46 “першаклашак”! Разам успомнілі захопленую практычнай біялогіяй Марыю Міхайлаўну Куфайкіну (настаўніца выкладала ў гарадскіх СШ №1 і СШ №2), зямны шлях якой завяршыўся летась… Павіншавалі Марыю Рыгораўну Кіпцэвіч (былая настаўніца пачатковых класаў СШ №4) і Марыю Міхайлаўну Шаболдаву (выкладала рускую мову і літаратуру ў політэхнічным каледжы). Завочна пажадалі моцы духу яшчэ дзвюм настаўніцам першай школы – Марыя Макараўна Вайцюк адзначыла 90-годдзе, а Марыя Антонаўна Нікіціч набліжаецца да юбілею… Усеагульнае захапленне прысутных выклікаў ураджэнец Багданаўкі Аляксей Мелюх. Малады чалавек шчыра расказаў пра цёцю Таццяну Антонаўну Савіч, якая 25 год працавала ў вёсцы паштальёнам, і маму – Марыю Антонаўну, былую выкладчыцу матэматыкі мясцовай школы.
Святочным падарункам удзельнікам сустрэчы была жывая музыка. Выхадны дзень прысвяцілі выступленню педагогі Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Аляксееўна Жук (баян) і Святлана Адамаўна Дубовік (загадчык струнна-народнага аддзялення). Адказна падрыхтаваліся да канцэрта ў храме вучні ДШМ Юлія Ярмаловіч і Ксенія Калянковіч (цымбалы), Ілля Хлуд і Саша Смірнова (гітара), Саша Мацкевіч (кларнет). Гучалі беларускія, рускія, украінскія найгрышы, настальгічныя мелодыі мінулых часоў, занатоўваючы ў душах прысутных чароўны водбліск калядных святаў…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии