“Божы дух вітаў у высі…”

Паэтычным радком народнага песняра вызначым падзею, што 24 студзеня адбылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

Тут ушанавалі пераможцаў і прызёраў рэспубліканскага конкурсу “І складаюцца самыя дзівосныя казкі…”, які быў прысвечаны 110-годдзю пачатку творчай дзейнасці нацыянальнага класіка. У творчым спаборніцтве па двух напрамках – літаратурны і выяўленчага мастацтва – прынялі ўдзел каля 400 школьнікаў з розных куткоў Беларусі. Лепшымі былі прызнаны 60 юных аматараў прозы і паэзіі, аўтараў самаробных прац.

Дзецям ад 6-ці да 18-ці год дыпломы і падарункі ўручалі гаспадары – заслужаны дзеяч культуры, дырэктар музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская і супрацоўнікі Дома Коласа. У цырымоніі ўзнагароджання ўдзельнічалі старшыня Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца, вядомыя літаратары – намеснік старшыні Беларускага саюза пісьменнікаў Алена Стэльмах, кіраўнік Мінскага абласнога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў, рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі, выдаўцы, мецэнаты і іншыя прадстаўнікі нацыянальнай творчай эліты краіны.

Хочацца спадзявацца, што ў літаратурных намінацыях на будучы год прымуць удзел і мясцовыя аматары мастацкага слова, якія нямала сярод школьнікаў у нашым краі. Сёлета дзве працы юных зямлячак былі прадстаўлены толькі сярод твораў выяўленчага мастацтва ў намінацыі “Жывыя малюнкі, вобразы, сімвалы…”.

Навучэнка сельгаскаледжа Васіліса Янковіч адзначыла, што ідэю ёй даў дзіцячы верш Якуба Коласа “Храбры певень”. Вядома, што са старажытных часоў пеўня называюць сімвалам воінскай славы. Гаспадары нашых падворкаў трымаюць гэту прыгожую птушку, якая і абараняе кур-нясушак, і лічыцца абярэгам сядзібы. Дзяўчына вырабіла прыгожую мяккую цацку (у кіраўніка гуртка, якая дапамагала выхаванцы, сімвалічнае прозвішча – Валянціна Емяльянаўна Колас).
Мастацкімі вырабамі 10-класніцы Багданаўскай СШ Дар’і Ільючых захапляліся ўдзельнікі літаратурнай праграмы “Лунінецкія Каласавіны-2016”. Яны і накіравалі фотаздымак з самаробнай брошкай на конкурс. На выставе ў ліку амаль 200 твораў “залаты каласок” быў прадстаўлены на асобным подыуме. На ўрачыстасць у Мінск разам з вучаніцай была запрошана яе мама – настаўніца Вера Канстанцінаўна. Дзяўчынка з радасцю прымала ўзнагароду – Дыплом Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і падарункі. Госці з Багданаўкі не хавалі захаплення ад знаёмства з музеем Якуба Коласа, гасціннасці супрацоўнікаў, магчымасці зносін з ганаровымі гасцямі.
Так было наканавана, што ў 2016 годзе сышліся ў вечнасці два юбілеі: вышэй прыгаданы – народнага песняра і 450-годдзе прастаўлення праведнай дзевы Іуліяніі, князёўны Альшанскай (1550-1566), амаль равесніцы ўдзельнікаў конкурсу. З гэтай нагоды былі зацверджаны спецыяльныя ўзнагароды аўтарам, працы якіх мелі духоўную скіраванасць. Царква ў гонар святой (адна з дзвюх у Беларусі) узведзена на Палессі – у в. Альшаны Столінскага благачынія Пінскай епархіі. Настаяцель храма іерэй Іаан Гарбуноў павіншаваў дзяцей і ўручыў узнагароды. Дыпломамі і кнігамі духоўнага зместу адзначаны трое прызёраў літаратурнага конкурсу: вучань 11 “А” класа ДУА “СШ №179 г. Мінска” Яўген Лістратаў, вучаніца 5 класа ДУА “Каменіцкі ВВК д/с СШ” Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці Дзіяна Жук (на жаль, дзяўчынка не прысутнічала на ўрачыстасці), вучаніца 6 “А” класа ДУА “СШ №24 г. Брэста” Мілана Ткачык. Дарэчы, яе бабуля жыве ў самай вялікай (сем з паловай тысяч жыхароў!) вёсцы Беларусі, таму сустрэча з альшанскім бацюшкам стала для юнай брэстаўчанкі і для яе настаўніцы сапраўдным сюрпрызам.
У загаловак вынесены радкі з “Сымона-музыкі” (народны пясняр пачынаў стварэнне паэмы на Палессі). Адкрываючы юбілейны год – 135-годдзе класіка беларускай літаратуры, сустрэча ў Доме Коласа благаслаўлялася плёнам дзіцячага натхнення і малітоўнасцю свяшчэннаслужыцеляў....

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.



Комментарии