У лютым трэба ўсміхацца

Прыўзняты настрой удзельнікам стварылі IV Свята-Антоніеўскія чытанні, якія прысвячаюцца тэме “Свяшчэннікі жартуюць”.

Штогадовую сустрэчу ў інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) адкрылі вучні гімназіі г. Лунінца. Мікіта Антановіч, Багдан Праскаловіч, Яраслаў Коваль, Анечкі – Нагорная і Хартановіч, Марына Наварыч, Паліна Шэстак, Любоў Яраховіч (6 “Б” клас) займаюцца ў гуртку “Асновы праваслаўнай культуры”. Разам з кіраўніком – бібліятэкарам Ірынай Пятроўнай Раманчук дзеці падрыхтавалі кампазіцыю ў гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. У інсцэніроўцы прымала ўдзел і вучаніца 10 “Б” класа Святлана Калесніковіч. Ксенія Андрэйчук (6 “А”) прачытала ўласны верш, які прысвяціла самаму значнаму сёлетнему нацыянальнаму юбілею.
Праглядзелі відэасюжэт з выступленнем Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Ён расказваў, што настаяцель аднаго з храмаў у расчуленасці доўга гаварыў пропаведзь з заплюшчанымі вачамі. Адкрыў іх толькі тады, калі ключар пацягнуў яго за аблачэнне:

–Бацюшка, усе разышліся. Калі закончыце пропаведзь, самі закрыеце храм…

Настаяцель храма іерэй Сергій Крышталь расказаў аб жыцці прападобнага Антонія Вялікага, які лічыў, што ўсмешка дапамагае перадольваць цяжкасці быцця. Свяшчэннік падзяліўся ўспамінамі перыяду вучнёўства ў духоўнай семінарыі, дзе студэнты любілі жартаваць над сакурснікамі. Смешныя выпадкі адбываюцца і цяпер. Адна з прыхаджанак спытала, ці дакладна яна моліцца: “Госпадзі, калі я па сваіх грахах не заслугоўваю раю, можна мяне пакінуць хаця б у “преисподней” (по-русски)?” Айцец Сергій растлумачыў ёй, што гэта – адзін з сінонімаў слова “пекла”. Жанчына збянтэжылася, але з таго часу пры сустрэчы яна змоўніцкі ўсміхаецца свяшчэнніку.

Дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена Кішкевіч паведаміла, што ў зале праваслаўнай кнігі маецца 4 тысячы экземпляраў адзінак духоўнай літаратуры, а наогул у бібліятэках раёна – 12 тысяч. Гэтыя кнігі карыстаюцца попытам. Многія сучаснікі пацвердзяць, што яшчэ 20 год таму нельга было ўявіць, што ў чытальнай зале можна заказаць Біблію… Алена Васільеўна прачытала адзін з гумарыстычных “Расказаў для душы” Вольгі Ражнёвай.

Бібліятэкар ЦБ Алена Арашкевіч адкрыла кнігу “Несвятыя” святыя” архімандрыта Ціхана (Шэўкунова) і пазнаёміла з выпадкам, што адбыўся ў Пскова-Пячэрскім манастыры. Аднойчы кіраўнік абкама партыі загадаў манахам ісці галасаваць на выбарчы ўчастак. Ігумен Аліпій скарыстаўся непрадуманасцю гэтай прапановы. Насельнікі абіцелі арганізавалі хрэсны ход праз увесь горад, а перад працэдурай галасавання адслужылі набажэнства… Напалоханыя ўлады вярнуліся да ранейшай практыкі – выбарчая камісія з урнай прыязджала ў манастыр.

Дарослыя і дзеці з цікавасцю слухалі настаўніцу СШ №1 г. Лунінца Алену Міхайлаўну Іцакову, якая выбрала для чытання павучальныя прытчы. Прагучалі вясёлыя гісторыі з кніг свяшчэннікаў – “На шляху да Бога” Уладзіміра Башкірава і “Быў такі выпадак” Міхаіла Шпалянскага, а таксама выклікаючыя смех “коржыкі” (кароткія вершыкі) – іх даслаў протадыякан Андрэй Гарбуноў са Свята-Пакроўскага храма г. Баранавічы. Праграму правяла ветэран педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова, якая пазнаёміла з гумарыстычным напрамкам у творчасці мясцовых аматараў літаратурнага слова.

У знак удзячнасці прыхаджанка Валянціна Аляксееўна Бут-Гусаім уручыла ўласнаручна спечаны каравай хлопчыку, які выдатна справіўся з роллю Скарыны. Абмеркаванне тэмы “Свяшчэннікі жартуюць” працягнулася за чаепіццем дзяцей у гімназіі. Дарослыя ж могуць наведаць бібліятэкі ў храмах ці клубах, каб у змрочныя дні зімовай непагадзі кніга ўпрыгожыла жыццё святлом слова.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии