Святок у прыгажосці прыроды

Прыход храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) адзначыў прастольнае свята.

Цудадзейны абраз шануецца 18 лютага, але сёлета на гэты дзень выпала Усяленская бацькоўская мясапустная субота. Па благаславенню архіерэя ўрачыстае набажэнства ладзілася напярэдадні. Настаяцель храма іерэй Сергій Крышталь служыў літургію з дапамогай алтарнікаў.
Клірасны хор пад кіраўніцтвам рэгента Алены Георгіеўны Кавалевіч спяваў надзвычай прыгожа, выканаў шэраг новых песнапенняў. Калі пачалася любімая многімі прыхаджанамі цырымонія віншавання свяшчэнніка, праз якога адбываюцца зносіны хрысціян з Богам, першымі бацюшку віталі харысты. Па традыцыі словы ўдзячнасці за асабістае духоўнае пераўтварэнне з асвячэннем новага храма ў Лунінцы выказалі прадстаўнікі арганізацый, што размешчаны на тэрыторыі прыходу – цэнтральнай раённай бальніцы і сельгаскаледжа (пазней да іх далучыліся калектывы гімназіі і СШ №2 г. Лунінца). Старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Таццяна Аляксееўна Шпак у цёплым вітанні дзякавала за духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення (дарэчы, былы кіраўнік аднаго з дзіцячых садкоў мае і непасрэднае далучэнне да храма – у алтары прыслужваюць яе ўнукі). Падкрэсліваючы ўсяленскі характар малітвы ў храме, да грэчаскай і царкоўнаславянскай дадаліся руская, беларуская і ўкраінская мовы. Шчырасць віншаванняў асабліва вызначылася, калі свае вершы прачытала лунінчанка Ніна Нікіцюк, а песню пра Божую Маці выканала паломніца з Мікашэвічаў Сцефаніда Корзун. Гасцей чакала традыцыйнае смачнае частаванне (ахвяраванне хлебазавода), а ўсе прыхаджане замілавана любаваліся наваколлем. У прастольнае свята прырода падарыла зашэраненне дрэў і нябесную дымку паветра…

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии