А як Мадэста называюць дома?

У інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) ушанавалі імяніннікаў лютага.

Адказ на пытанне, вынесенае ў загаловак, не давялося даваць Льву Коласаву. Менавіта так яго бацька, захоплены меламан, хацеў назваць сына – у гонар Мадэста Мусаргскага. Адгаварылі хросныя – на карысць і хлопчыку, і навакольным, якія па праву ганарацца вядомым філатэлістам і краязнаўцам. Адзначаючы гэту акалічнасць, вядучая – педагог-ветэран Наталля Іванаўна Казанкова пачала сустрэчу з музыкі і расповяду аб жыцці і творчасці вялікага кампазітара.

Імя Леў – гэта значыць “цар”. І сапраўды Леў Леанідавіч у значнай ступені ўладарыць у лунінецкім радзімазнаўстве. Гэта даказалі навучэнцы 10 “А” класа СШ №2 г. Лунінца Павел Цюшкевіч і Глеб Семяненка, якія (з дапамогай настаўніцы Дзіяны Раманаўны Сладзінскай) падрыхтавалі цікавую прэзентацыю аб паважаным выпускніку школы.


Прыгадалі яшчэ аднаго імянінніка – Леў Аляксандравіч Раздзялоўскі быў першым настаўнікам царкоўна-прыходскай школы, якая ў 1890-ым адкрылася на Залессі. Як вядома, імя пісьменніка Льва Мікалаевіч Талстога насіла Лунінецкае рускае дабрачыннае таварыства, якое дзейнічала ў нашым горадзе ў перыяд Польшчы.

Прагучалі расповяды аб жыццях святых, носьбітаў імёнаў якіх віншуем з днём анёла ў лютым. Лунінчанка Валянціна Аляксееўна Бут-Гусаім (імяніны – 23 лютага) частавала дзяцей і дарослых смачнымі ласункамі, нагадваючы пра ідучы масленічны тыдзень…

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии