Малітва слову

Любоў да чытання аб’яднала ўдзельнікаў свята ў Нацыянальнай бібліятэцы – з Днём праваслаўнай кнігі іх павіншаваў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел.
Падзеяй юбілейнага года стаў факсімільны фаліянт першай друкаванай Бібліі на царкоўнаславянскай мове. 500 год таму ў Празе кнігу выдаў Францыск Георгій Скарына з Полацка. Вядома, што славянскую азбуку стварылі роўнаапостальныя Кірыл і Мяфодзій, а беларускі асветнік сам распрацаваў шрыфт кірыліцы для друкарняў, якім карыстаемся вось ужо 500 год. Першая нацыянальная кніга “Библия руска” была адрасавана ўсім усходнім славянам, якія жылі ў розных дзяржавах, але прапаведалі праваслаўную веру. Божыя Запаветы, што паэтычна пераклаў першадрукар, дагэтуль злабадзённыя, як і яго словы: “Всяко Писание Богом водъхненое полезно ест ко учению и ко обличению, исправлению и ко наказанию правды…”.
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Сцяпанавіч Мачульскі падарыў друкаваную каштоўнасць Патрыяршаму Экзарху Беларусі. Уладыка Павел падкрэсліў стваральную моц добрага чытання, што кожнага чалавека робіць і суаўтарам, і мастаком.
Удзельнікамі ўрачыстасці былі духавенства, кіраўнікі дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый, бібліятэкары, настаўнікі і вучні з усёй краіны. Пінскую епархію прадстаўлялі кіраўнік прэс-службы іерэй Іаан Гарбуноў, сястра Алена са Свята-Варварынскага жаночага манастыра г. Пінска (на здымку) і аўтар гэтых радкоў. Зацікавілі выставы кніг шэрагу выдавецтваў Беларускай Праваслаўнай Царквы, гутаркі з аўтарамі дзіцячай духоўнай літаратуры, думкі вядомых паэтаў аб карысці сямейнага чытання. Прыцягнуў увагу “Скрыпторый” узору ХІІ стагоддзя – у экспазіцыі майстэрні па перапісванню кніг часоў прападобнай Еўфрасініі Полацкай захопленыя аматары атрымлівалі і ўрок па каліграфіі. Кранальную канцэртную праграму, у якой выдатна спалучаліся проза і паэзія, спевы і музыка, падрыхтавалі дзіцячы і дарослы хоры Свята-Елісавецінскага манастыра, юныя выхаванцы каледжа мастацтваў, салісты Белдзяржфілармоніі.
З годнасцю шануем імёны нацыянальных асветнікаў, што даюць сучаснікам духоўна-матэрыяльныя падставы “людзьмі звацца”. Амаль 20 мільярдаў кніг налічваюць бібліятэкі свету. Кожны можа знайсці тое выданне, што засвеціць яркай зоркай на жыццёвым шляху. Давайце чытаць кнігі, а на пытанне, што робім, адказваць словамі прытчы: “Молімся слову…”.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии