"Бачыць тое, што побач..."

У цэнтральнай бібліятэцы Пінска адбылася Першая епархіяльная вучнёўская канферэнцыя.

Яшчэ на аналагічных сустрэчах у благачыніях складана было вызначыць па двое ці трое пераможцаў (напрыклад, з 17-ці ўдзельнікаў у Лунінцы ці 42-ух – у Баранавічах). Лепшыя з лепшых спаборнічалі ў завяршальным творчым конкурсе. Яго арганізаваў аддзел па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі на чале з кандыдатам багаслоўскіх навук іерэем Віктарам Сачкоўскім. У журы запрасілі прадстаўнікоў духавенства і ўстаноў адукацыі. Вядучы – дырэктар СШ №12 г. Пінска, кандыдат педагагічных навук Леанід Ярашэвіч быў уражаны працамі юных даследчыкаў, якія ў тэме “1917-2017. Праваслаўе ў гісторыі і культуры Беларусі: вынікі стагоддзя” сканцэнтравалі ўвагу на краязнаўчых ці сямейных пошуках. Удзельнікі даведаліся аб свяшчэнніках, якія неслі духоўнае служэнне ў атэістычны час ці ў перыяд акупацыі Польшчай тэрыторыі Заходняй Беларусі, аб храмах, што захаваліся ў віхуры разбурэнняў і цяпер сталі святынямі. Аб гэтым распавядалі вучні з Баранавіч, Ганцавіч, Дастоева, Моладава і Мотыля Іванаўскага раёна, Івацэвіч, Пінска. Юнымі дакладчыкамі захапляліся кандыдаты багаслоўскіх навук – дацэнт Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі протадыякан Павел Бубноў (на здымку 3-ці злева) адзначыў: “Святло, што выпраменьваюць дзеці, дакранулася да ўсіх нас”, а кіраўнік аддзела па кананізацыі святых Пінскай епархіі протаіерэй Сергій Рабой пажадаў вучням падзяліцца ведамі з роднымі і сябрамі. Слушную прапанову аб тым, што за кожным вучнем стаіць настаўнік, а значыць – неабходна ўшаноўваць і кіраўнікоў вучнёўскіх прац, выказала кандыдат педагагічных навук, дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Любоў Макарава.

Кожная праца была вартая высокай ацэнкі. Годна выглядалі прадстаўнікі Лунінца. 10-класніца СШ №1 Валерыя Юрцэвіч удастоена Дыплома ІІ ступені. Яе равеснік з СШ №2 Глеб Семяненка адзначаны Падзякай (Павел Цюшкевіч дапамагаў аднакласніку паказаць прэзентацыю). На памяць юныя лунінчане і намеснікі дырэктараў іх школ Таццяна Браніславаўна Шостыр (злева, СШ №1) і Наталля Вітальеўна Бойка (справа, СШ №2) сфатаграфаваліся са свяшчэннікамі – членамі журы. Застаецца пажадаць дзецям захаваць свядомы погляд на складаны перыяд у мінулым нашай краіны, вынікі якога будуць асэнсоўвацца яшчэ не адно стагоддзе, і прымножыць іскрынку даследніцкага таленту, што прадэманстраваны ў выяўленні фактаў гісторыі праваслаўя.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии