ДЗЕЯЧ КНІЖНАЙ КУЛЬТУРЫ

Такі тытул насіла Лідзія Збралевіч, памяці якой прысвяцілі праграму ў інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”).

У асобе нашай зямлячкі ўвасоблены сёлетнія падзеі – Год навукі, 500-гадовы юбілей кнігадрукавання. З 1958-га Лідзія Іванаўна працавала ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а 1968-га і да сярэдзіны 1990-ых гг. – узначальвала тут аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў. Гэта яна зберагла для сучаснікаў больш за 3 тысячы адзінак захоўвання дакументаў ХV-XX ст. са збораў князёў Радзівілаў, архівы Максіма Гарэцкага і Кандрата Крапівы, адкрыла нашай краіне жывапісцу, графіка, скульптара Язэпа Драздовіча, якога назалі “беларускім Цыялкоўскім”, стварыла мемарыяльны кабінет класіка нацыянальнай літаратуры Пятра Глебкі, праводзіла конкурсы кніжнага знака – экслібрыса – і лічылася адным з лепшых знаўцаў у былым СССР… Пералік слаўных спраў, якімі захапляліся Янка Брыль і Уладзімір Караткевіч, можна працягваць. Але падкрэслім вельмі важнае для нас. Яна нарадзілася на Разаншчыне, вышэйшую адукацыю набыла ў Ленінградзе, з мужам-лунінчанінам служыла ў Ерэване, а прафесійную дзейнасць прысвяціла Беларусі. Выпускніца-1949 СШ №2 г. Лунінца заўсёды назвала наш горад родным. І яму ж прысвячала шматлікія вершы. Лічыла іх недасканалымі, але паэтычнае апісанне вуліц Віленскай і Смаленскай, Залесся і Палесся надзвычай кранула ўдзельнікаў сустрэчы. Вершы чыталі вучаніцы гімназіі г. Лунінца, быццам упершыню асэнсоўваючы тую простую ісціну, што кніга – рэч вечная. Лідзія Іванаўна некалькі месяцаў не дажыла да асвячэння новага храма, а ў часовым памяшканні малілася пры кожным наведванні Лунінца. І цяпер здавалася, што сцены асветлены яе ўсмешкай…

Такім быў “Дзень Анёла”, які адзначылі ў свята Дабравешчання. Сярод святых, якіх асабліва шануем у красавіку, – мучаніцы Лідзія, Алла, Ларыса. Прыгадалі вядомых імянінніц месяца. Настаўніца гімназіі г. Лунінца Ала Юр’еўна Жук расказала пра святую, імя якой носіць. Пажадалі плёну настаўніцы Сінкевіцкай СШ Ларысе Мікалаеўне Пятровіч, якая прапагандуе творчасць народнага песняра Якуба Коласа. Дарэчы, рарытэты сёлетняга юбіляра таксама знайшла для аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў наша зямлячка Лідзія Збралевіч…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Ірыны РАМАНЧУК.

Комментарии