Тры залы – і тысячагоддзе

паўстае перад наведвальнікамі царкоўна-гістарычнага музея ў Мінскай духоўнай акадэміі.

Экспазіцыі няма і трох год, але яна выклікае шчырую цікавасць адлюстраваннем становішча Праваслаўнай Царквы на землях Беларусі. У сіняй зале прадстаўлены мастацкія творы, уключаючы калекцыю нацельных крыжоў і ўпрыгожанняў эпохі Кіеўскай Русі (ХІ-ХІІ ст.), старажытныя іконы, узоры богаслужбовага посуду і іншыя каштоўныя рэчы... Чырвоная зала прысвечана гісторыі Царквы ў ХХ стагоддзі. Са старых фотаздымкаў на сучаснікаў глядзяць духоўныя пастыры, якія ў эпоху “ваяўнічых бязбожнікаў” здзейснілі подзвіг мучаніцтва і спаведніцтва… У зялёнай зале захапляе гісторыя служэння мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), з якім звязаны пачатак царкоўнага адраджэння ў нашай краіне. Дарэчы, большасць экспанатаў – з асабістых збораў Ганаровага Экзарха Усяе Беларусі.

У 500-годдзе нацыянальнага кнігадрукавання зацікавілі рарытэты з бібліятэчнага фонду акадэміі. Напрыклад, напрастольныя Евангеллі – з друкарні братоў Мамонічаў (1600 год) і Пачаеўскай лаўры (1780-ы), “Гісторыя Усяленскіх Сабораў” з аўтографам свяціцеля Лукі (Война-Ясянецкага) і кніга з дарчым подпісам Марка Папоўскага – біёграфа святога. Прадстаўлена і калекцыя анцімінсаў, падпісаных архіерэямі ХІХ і ХХ стагоддзяў…

Асабліва ўразіла, што экскурсію па залах праводзіў Дзмітрый Баўкуновіч, які цяпер займаецца ў магістратуры Мінскай духоўнай акадэміі. Выпускнік-2010 Лунінецкай гімназіі (тады яшчэ ліцэя) ведамі і ўменнем прыцягнуць увагу да дэталяў не саступаў (на мой суб’ектыўны погляд) кандыдату мастацтвазнаўства матушцы Марыі Нецвятаевай – хавальніцы фондаў царкоўна-гістарычнага музея. Поспехамі юнага земляка – ураджэнца Бастыні – па вартасці ганарацца і яго родныя, педагогі мясцовай школы, жыхары вёскі.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота а. Іаана Гарбунова.

Комментарии