“Дыхание небесного вдохновения”

Так вядомая паэтка Валянціна Паліканіна назвала вершы лунінчанкі Вольгі Аляшкевіч (02.04.1977-26.07.2005).

Штогод памяць таленавітага чалавека, якая назаўжды засталася маладой, адзначаецца ў інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”).
Сёлета сустрэчу адкрыў старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Уладзімір Іванавіч Жураўлёў. Ён падкрэсліў сімвалічнасць паяўлення на свет Вольгі – сёння гэта стала Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. Прадзед лунінчанкі быў рускім – удзельнік Першай сусветнай вайны пасля яе заканчэння застаўся ў нашым горадзе, ажаніўшыся з мясцовай дзяўчынай, а дзед – беларус, інвалід Вялікай Айчыннай…  

Аб выпускніцы-1994 СШ №1 г. Лунінца, якая закончыла школу з залатым медалём, з цеплынёй прыгадваюць многія настаўнікі. Цяперашнія вучні чытаюць вершы Вольгі, што, “быццам Божыя нашэпты, пачутыя і зафіксаваныя на паперы паэтам”, “быццам сапраўды напісаныя пад дыктоўку, у іх слова за слова чапляецца, нібы каралікі ў ружанцы”… Гэта – з водгука яшчэ аднаго вядомага паэта, Міхася Скоблы. І дзеці так пранікнённа-беражліва прамаўлялі выпакутаваныя пачуцці зямлячкі, якой лёс абмежаваў рух інваліднай каляскай, быццам сапраўды чулі, “як чароўна гучала арфа душы” Вольгі. Захапляючыся здольнай на міласэрнасць і чуласць моладдзю, аб моцнай духам паэтцы расказвалі настаяцель храма іерэй Сергій Крышталь і рэгент кліраснага хору Алена Георгіеўна Кавалевіч, якія ў свой час прывялі дзяўчыну да Бога і самі вучыліся ў яе не па ўзросту жыццёвай мудрасці, а таксама ветэран педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова, якая неаднаразова арганізоўвала паэтычныя вечарыны Вольгі.

З такой жа шчырасцю вяла праграму педагог першай школы Ганна Міхайлаўна Казярская. Усхваляванасць гледачоў дала выйсце слязам, калі яна праспявала песню “Пагавары са мною, мама” і абняла Галіну Аляшкевіч. Многія ўрачы адзначаюць, што яна здзейсніла сапраўды мацярынскі подзвіг, таму што афіцыйная медыцына адводзіла яе дачцэ ўдвая карацейшы адрэзак жыцця… За час, што знамянуе завяршэнне зямнога шляху Вольгі, на сродкі мамы ўжо пяты раз – па 100-150 экзэмпляраў – выдадзены вершы з адзінага блакнота паэткі. Кнігі перадаюцца ў школы, бібліятэкі ўстаноў і храмаў, добрым людзям. Чарговы зборнік так і названы – “Дыхание небесного вдохновения”. Галіна Алікаўна сардэчна дзякавала за спрыянне калектыву рэдакцыі раённай газет “Лунінецкія навіны” і асабіста – адказнаму сакратару Аляксандру Іванавічу Коўку, усім людзям, што сваім дачыненнем працягваюць жыццё творчасці яе дачкі.

Адзначыўшы дзень анёла, калі Вольгу спевамі вітаў клірасны хор, у ноч на 26 ліпеня яна прачытала “Багародзіцу” і ўздыхнула апошні раз. Праз два гады ў гэты дзень, калі шануецца памяць Архангела Гаўрыіла, быў закладзены новы храм у Лунінцы. Царкоўны двор упрыгожаны і лілеямі ад мамы Вольгі…    
На надмагільным помніку паэткі напісаны радкі аднаго з яе вершаў:
Когда у края пропасти стоишь,
Вокруг лишь бездны пустота и ты один,
Не бойся ты, что оборвешься вниз,
Ты помолись и прошепчи себе: «Аминь».
И ты вдали увидишь яркий свет,
Душа наполнится теплом и этим светом,
Нет больше боли и страданий нет,
Уходишь ты, но не жалей об этом.
И ты уйдешь, переступив свой страх,
Исчезнут все и всё, наступит лишь покой,
Но жива будет память в любящих сердцах,
Которым, уходя, помашешь ты рукой.

Прафесійныя паэты лічаць, што вершы Вольгі можна ахарактарызаваць словам “малітоўнасць”, што ў іх, як “у малітве, кожны гук на сваім месцы, няма ні слоўнай, ні інтанацыйнай лішніцы”. Штогод да гэтых светлых радкоў далучаюцца новыя пакаленні юных лунінчан… І “жива будет память в любящих сердцах”.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Кірыла САВІЧА.

Комментарии