“Да вытокаў сваіх вяртаемся…”

Гэта агульная назва штогадовых праваслаўна-краязнаўчых чытанняў, што з удзелам Уладыкі Сцяфана трэці раз праведзены ў Пінску.

Наш горад прадставілі вядомыя сваёй захопленасцю даследчыкі мінуўшчыны. Ветэран-педагог Наталля Казанкова выступіла з дакладам “Імя, аб’яднаўшае Беларусь, Літву, Расію”, прысвечаным педагогу, гісторыку, лінгвісту Мікалаю Анцукевічу. Настаўніца гісторыі СШ №2 Дзіяна Сладзінская выклікала ўсеагульную цікавасць новым поглядам на паўстанне 1863-1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Нашы зямлячкі рады былі вітаць удзельнікаў сустрэчы, што ў свой час былі гасцямі педагагічных чытанняў у Лунінцы, – гэта протаіерэі Павел Дубінец (Марочна Зарэчненскага раёна, Украіна) і Сергій Рабой (Пінск), протадыякан Андрэй Гарбуноў (Баранавічы). Даследаванні іх і іншых выступоўцаў таксама ўзбагацілі веды аб святынях і адметных асобах Палесся.
Дакладчыкі былі адзначаны падзякамі Пінскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Сябар з бліжняга замежжа ўручыў кнігі аб Бучынскай іконе Божай Маці. Падарункам для мясцовых аматараў гісторыі малой радзімы таксама стаў зборнік матэрыялаў папярэдніх чытанняў. У яго ўключаны артыкулы і з “лунінецкай прапіскай” – аб Дзяцелавіцкім Нова-Пячэрскім Спаса-Прэабражэнскім праваслаўным манастыры, які дзейнічаў у 1622-1855 гг.; аб Кажан-Гарадоцкім Свята-Нікольскім храме, што набліжаецца да свайго 200-годдзя; аб дыякане Лунінецкай Крыжаўзвіжанскай царквы Іаане Сабалеўскім, які быў рэпрэсіраваны ў 1940-ым.
Наталля Іванаўна і Дзіяна Раманаўна адзначылі, што чытанні сталі для іх “крыніцай натхнення ў вывучэнні гісторыі праваслаўя роднага края”, як быў названы адзін з дакладаў. 

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии