Лепшыя гаспадыні – у Багданаўцы, надзейныя хлопцы – у Дубаўцы...

На ІІІ злёце праваслаўнай моладзі “Маранафа”, што арганізавалі аддзел адукацыі Лунінецкага райвыканкама і Лунінецкая благачынная акруга, юныя вернікі вызначаліся лепшымі якасцямі характараў.

Гэта адлюстраваў вынік агульных спраў, якія згуртавалі 48 дзяцей і 12 дарослых шасці прыходаў у час традыцыйнай трохдзённай сустрэчы на ўзбярэжжы возера Белае.


Старт злёту даў малебен за вандроўнікаў у Свята-Параскевінскім храме в. Бастынь. Пасля службы ў гонар прарока Іліі настаяцель протаіерэй Іаан Пятрэнка вітаў юных паломнікаў, што сышлі з цягніка. Ад імя прыхаджан гасцям былі ўручаны свежаспечаныя духмяныя караваі.

–І ў экстрэмальную спякоту нас чакаў не пешы пераход, на што настрайваліся, а сюрпрыз! – начальнік злёту Ірына Аляксандраўна Грушэўская (гімназія г. Лунінца) шчыра дзякуе айцу Іаану. – Бацюшка арганізаваў паездку на аўтобусе!

Блаславёныя іконай Хрыста Збавіцеля, удзельнікі злёту дзень пачыналі і заканчвалі малітвай. Як і летась, адмовіліся ад камфортных умоў адпачынку. Для начлега выбралі спальнікі і палаткі, ежу гатавалі на кастры, шматлікія перашкоды пераадольвалі ў спаборніцтвах… Пасля размяшчэння ўрачыстае адкрыццё пачалося з агульных спеваў гімна. Настаяцель Спаса-Прэбражэнскага храма в. Язвінкі протаіерэй Сергій Чыж, які ўзначальваў каманду прыхода, нагадаў аб першых мучаніках Святой Русі. Страстацерпцам Барысу і Глебу, якія ахвяравалі жыццямі дзеля захавання міру на сваёй Радзіме, прысвячаецца злёт праваслаўнай моладзі.

Агульнай справай стала ўскладанне гірлянды да помніка вёсцы Белае Возера, знішчанай фашыстамі, і мемарыяльнай дошкі загінуўшым партызанам. У акцыі памяці ўдзельнічалі прадстаўнікі раённых арганізацый Уладзімір Іванавіч Жураўлёў, Станіслаў Рыгоравіч Шаруда (ГА “Беларускі саюз афіцэраў”) і Валерый Мікалаевіч Катунін (ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”). Актыўнае садзейнічанне праграме злёту аказаў старшыня Лунінецка-Ганцавіцкай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Барыс Іванавіч Гнедзька.

Патрыятычную тэму працягнула гістарычнае падарожжа “Вывучай свой край” (з элементамі спартыўнага арыентавання на мясцовасці), якое падрыхтаваў Аляксандр Пятровіч Хаўдзееў (СШ №2 г. Лунінца). Дарэчы, настаўнік усклаў на сябе двайны цяжар – яшчэ і ўзначаліў каманду прыхода Свята-Барыса-Глебскага храма в. Лунін. Яна была прадстаўлена школьнікамі Дубаўскай СШ. Педагогі адзначалі адказнасць хлопчыкаў і працавітасць дзяўчынак.

–З іх дапамогай лёгка было забяспечваць рэжым харчавання! – усміхаецца “галоўная па кухні” Ірына Пятроўна Раманчук (гімназія г. Лунінца). – Дзяўчынкі з Багданаўкі наогул захапілі здольнасцямі сапраўдных гаспадынь. Студэнтка медыцынскага універсітэта Кацярына Калешка – проста кулінарная майстрыха! Такімі ж стараннымі і ўмелымі былі нашы гімназісткі – сястрычкі Наташа і Святлана Калесніковічы.

Удзельнікі злёту аднавілі сутнасць старажытнай ісціны, што “трэба маліцца, каб у здаровым целе і дух быў здаровым”. Адчуць сябе моцнымі і спрытнымі ім дапамаглі Андрэй Мікалаевіч Бярозка (Дубаўская СШ), Эдуард Сцяпанавіч Антановіч (Палеская СШ), Вячаслаў Рыгоравіч Абрамчук (Язвінская СШ). Камандныя спаборніцтвы па тэхніцы пешаходнага турызму і водных відах ацэньваліся граматамі, але галоўнай узнагародай былі прагулкі на байдарках у суправаджэнні інструктараў.

Бяспеку на сушы і вадзе гарантавала здольнасць Руслана Васільевіча Пятрэнкі знаходзіць агульную мову з дзецьмі. Слесар ТЭЦ кіраваў камандай Свята-Крыжаўзвіжанскага храма г. Лунінца і ўражваў педагагічным падыходам да розных сітуацый. Ён узначаліў і экалагічную акцыю “Захаваем прыроду ў чысціні” – дзеці ўбралі навакольную тэрыторыю і ўзбярэжжа Белага возера. Разам са сваімі падапечнымі, якія не турбавалі скаргамі на недамаганне, актыўнасцю ва ўсіх агульных справах вызначалася медсестра ЦРБ Наталля Сцяпанаўна Сладзінская.

Клопату аб экалогіі не толькі прыроды, але і душы спрыялі прадстаўнікі дзіцячай бібліятэкі Людміла Іванаўна Данілкіна і Ірына Рыгораўна Аляшкевіч. Яны правялі віктарыну да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Сярод знаўцаў нацыянальнай літаратуры вызначыўся Кірыл Савіч, які прадстаўляў каманду прыхода храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) г. Лунінца. Духоўную гутарку ў гэты дзень правёў настаяцель храма мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі в. Багданаўка протаіерэй Мікалай Вабішчэвіч.










Фотаздымкі занатавалі шчаслівыя імгненні, аб якіх дзеці напісалі ў сваіх водгуках. Толькі аднаму гарэзліваму хлопчыку падалося, што “мала часу было для купання”. Арганізатары пажартавалі, што добра падумаюць, ці запрашаць яго на наступны год! Гэтага зычаць сабе большасць удзельнікаў, якія радаваліся новым сябрам і цікавым справам. Заданнем на год можна назваць пажаданне свяшчэннікаў вывучыць песні, словы якіх прадвінутая моладзь хутка “скачвала” з інтэрнэту, і правесці конкурс на лепшае выкананне не толькі гімна “Цудоўнае далёка”. Дарослыя, ледзь стрымліваючы слёзы ў абдымках дзяцей, выказвалі спадзяванні, што ў душах юных выхаванцаў застануцца словы: “Я клянусь, что стану чище и добрее, и в беде не брошу друга никогда”… Няхай злучае людзей кожная агульная справа (гэта ж у перакладзе з грэчаскай мовы азначае “літургія”), што вядзе да храма!

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии