«Лунінецкія ўражанні натхняюць на вершы…»

У цэнтральнай бібліятэцы адбылася сустрэча з пісьменніцай Галінай Гаўрыловіч (Украіна) і прадстаўнікамі духавенства абедзьвюх краін.
Госця ўпершыню наведала Лунінец, але з яе кнігай “Сова на кладцы” чытачы знаёмы і асабіста, і праз публікацыю ў “ЛН” (15.07.2016). Цікава было пачуць расповяд Галіны Гаўрыловіч аб сабе. Шмат год яе дзейнасць была звязана са сферай культуры, цяпер працуе загадчыкам аддзела газеты “Полісся” Зарэчненскага раёна Ровенскай вобласці, радуецца двум дарослым сынам і дачушцы-шасцікласніцы, напісала пяць кніг. Сёлетняя – “Мені наснилася любов” – пакінута ў дар бібліятэцы з аўтографам пісьменніцы, якая прачытала і свае вершы.
Пранікнёнасць гутаркі Галіны Сяргееўны выклікала такія ж шчырыя расповяды свяшчэннікаў. Яшчэ адзін госць з Украіны – протаіерэй Павел Дубінец (в. Марочнае) расказаў аб уласным вялікім кніжным зборы, з гумарам паведаміўшы, што жонка не падзяляе яго захаплення. На аналагічныя адносіны да друкаваных выданняў у сваёй сям’і жартоўна “паскардзіўся” настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) протаіерэй Сергій Крышталь (Лунінец). 

Сапраўдным сябрам бібліятэкі стаў протаіерэй Сергій Чыж (в. Язвінкі), які рэгулярна вядзе пасяджэнні кніжнага клуба “Вытокі”. Гумарам было расквечана выступленне протаіерэя Валерыя Скрабца (в. Лахва) аб тым, як з мясцовымі школьнікамі абмяркоўваў пушкінскую “Сказку о попе и его работнике Балде”. Аб знаёмстве з бібліятэкай у раннім дзяцінстве прыгадаў протаіерэй Віктар Сачкоўскі (Пінск). Музычны падарунак зрабіў протадыякан Андрэй Гарбуноў (г. Баранавічы), які выканаў фрагменты праграмы “Любімых песен духоўны сэнс”. Аляксей Дубінец (сын украінскага бацюшкі), здымаўшы выступленне спевака на тэлефон, тут жа выклаў запісы ў “Інстаграм”. 

Удзельнікі сустрэчы пакінулі запісы ў кнізе ганаровых гасцей, а прэс-сакратар Пінскай епархіі іерэй Іаан Гарбуноў зрабіў агульны здымак з работнікамі лунінецкай бібліятэкі на памяць аб юбілеі нацыянальга кнігадрукавання.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Таццяны КАРПУКОВІЧ.

Комментарии