Канцэрт... для трох гледачоў

Гімназісты г. Лунінца наведалі ў Лобчы Настассю Якавец, якая дома ахвотна чытала свае творы і спявала песні.

Калі бібліятэкар Ірына Раманчук прапанавала доследную працу па мясцовым этнаграфічным матэрыяле, навучэнцы ўсклікнулі:
–Трэба ехаць да папулярнай байкапісцы, імя якой нават у энцыклапедыі фальклору занатавана!
Каму гэта было ведаць, як ні Сяргею і Уладу Якаўцам (10 “А” клас), а таксама Дмітрыю Кішкевічу (11 “А”)! Ураджэнцы Лобчы, яны з дзяцінства ўдзельнічалі ў мностве праграм, што кіраўнік народнага аматарскага гурту “Лабчанка” ладзіць у вясковым Доме культуры. Пачуўшы гэта, Настасся Іванаўна сціпла заўважыла:
–Напэўна, моладзі падабаецца нешта больш сучаснае…
Але юнакі дружна аспрэчылі меркаванне гаспадыні, назвалі яго памылковым і пералічылі шэраг твораў, якія, на думку гімназістаў, ужо сталі класікай. У пацвярджэнне гэтаму нагадалі тэлерадыёперадачы, дзе гучалі байкі і казкі ў выкананні Настассі Якавец. Магчыма, цяпер мясцовай славутасцю будзе захапляцца і інтэрнэт-прастора? Навучэнцы ж зрабілі шмат фотаздымкаў і запісаў аматаркі народнай творчасці, хутка прадставяць іх на навуковай канферэнцыі.
Бібліятэкар радавалася, што яе павага да творчай асобы знайшла падтрымку ў юных аднадумцаў. Ірына Пятроўна даўно папулярызуе літаратурную творчасць Н.І. Якавец – арганізоўвала сустрэчы і ў гімназіі, і ў інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, дзе Настасся Іванаўна станавілася гераіняй Свята-Антоніеўскіх чытанняў (яныя маюць і другую назву: “Свяшчэннікі жартуюць”). Неаднойчы ў гімназію запрашалі “Лабчанку” з траецкім абрадам “Ваджэнне Куста”, якому першаму ў раёне нададзены статус “Нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь”. Калі па стану здароўя Настасся Якавец не магла прыняць чарговае запрашэнне, гімназісты паехалі да яе самі.
–Неабходна цаніць творчых людзей і ўдзяляць ім больш увагі, – лічыць Ірына Пятроўна. – Сустрэчы з імі даюць і ўрокі маральнасці. Убачылі, якая гэта мужная жанчына. Летась яна страціла бацьку, пільнага догляду патрабуе маці, ды і ў самой ужо самаадчуванне – далёкае ад выдатнага. Але Настасся Іванаўна шчыра дарыла свае байкі і песні, пранікнёна чытала казкі. Іх філасофскі сэнс будзем усведамляць сапраўды на працягу жыцця…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии