Цікавы і насычаны дзень пачаўся з Лунінецкай Крыжаўзвіжанскай царквы, купалы якой бачныя практычна з любога ўзвышша горада. Па тварах прысутных можна было пазнаць, як уважліва кожны лавіў тыя словы, у якіх клірык храма, іерэй Георгій Філіновіч, удала злучаў нашу мінуўшчыну з сучаснасцю і будучыняй. Цікавым настаўленнем і благаславеннем закончыў ён свой аповяд, пасля якога дзеці змаглі паставіць свечку за здароўе сваё і родных.
У захапляючае падарожжа ператварылася паездка ў жывапісны куток Палесся – Кажан-Гарадок. Шчырай усмешкай сустрэў тут старшыня Гарадоцкага сельвыканкама Іван Зубко… Адна са святыняў Лунінеччыны – Свята-Мікалаеўская царква, якая сёлета адзначае 200-годдзе… У 1818-ым палонныя французы сваімі шапкамі насыпалі велізарны ўзгорак у цэнтры мястэчка, на якім і была пабудавана царква. Грошы на ўзвядзенне храма ахвяраваў мясцовы памешчык Шчыт. Гісторыя захавала імёны тых, хто ўзводзіў гэты цуд. Аляксандр Маліноўскі, Сімон Канапацкі і Васіль Лістапад упісаны ў летапіс з самымі шчырымі словамі ўдзячнасці. Над інтэр’ерам храма працаваў мясцовы мастак Іосіф Астапчык. Цяпер наўрад ці хто паверыць, што майстры, пабудаваўшыя ў Кажан-Гарадку царкву, былі непісьменнымі: не маглі ні чытаць, ні пісаць, ні нават распісацца. Пад кантрактамі, заключанымі на будаўніцтва, замест подпісаў яны прастаўлялі насупраць сваіх прозвішчаў па тры крыжыкі. І гэтыя людзі стваралі шэдэўры, сапраўдныя цуды дойлідства, бо царква пабудавана без ніводнага цвіка. Настаяцель храма протаіерэй Дзімітрый Грыб гаворыць, што гэта не зусім так. Цвікі выкарыстоўваліся, але драўляныя. Тым не менш іх наяўнасць не робіць царкву менш унікальнай. А яшчэ царква беражліва захоўвае лампаду, атрыманую ў дар у дзень узыходжання на прастол імператара Мікалая ІІ.
– На працягу амаль двух стагоддзяў тут не спыняліся богаслужэнні, – кажа айцец Дзмітрый. – Менавіта таму гэтае намоленае месца прыцягвае шматлікіх паломнікаў. Сярод іх не толькі праваслаўныя хрысціяне, але і розныя дэлегацыі, замежныя турысты, якія са здзіўленнем глядзяць на ўнікальнае збудаванне.
Час не праходзіць бясследна... Да канца 19 стагоддзя некалькі купалоў храма нечакана пачалі сыходзіцца да цэнтра. Канчаткова знешні выгляд змяніла няўмелая рэканструкцыя ў 70-80-ых, з-за якой будынак прасеў яшчэ на 20-30 сантыметраў. Святыні патрэбна тэрміновая рэстаўрацыя, якая спыніць разбурэнне, але, на жаль, сродкаў на гэта няма.
МЕРКАВАННІ
Ясенія Канапацкая, вучаніца 9 “Б” класа:
– Мегалегендарнае мястэчка! Язык не павернецца назваць, як афіцыйна належыць, вёскай акуратненькае паселішча з насельніцтвам каля 2 тысяч чалавек і з такой багацейшай гісторыяй!
Максім Брэзін, вучань 6 “А”:
– Мінулае нашай Лунінеччыны ўражвае сваёй велічнасцю. Нават уявіць не мог, што ў нашым раёне ёсць такія дзівосныя месцы. А яшчэ прыемна, што бацюшкі ў кожнай царкве так проста, даступна і цікава расказалі не толькі пра гістарычныя факты, але і далі зразумець, наколькі важна звяртацца да Бога і верыць.
Наталля АРАШКЕВІЧ. Фота аўтара.
Комментарии
Отправить комментарий