«Спяшайцеся рабіць дабро!»

Кажуць, раней у калядныя дні на падваконнях дамоў стаяла запаленая свечка, каб кожны адзінокі чалавек ішоў на гэты агеньчык з надзеяй, што тут яго чакаюць і сагрэюць цяплом.

З цягам часу змяніліся многія атрыбуты зімовых святаў, але нязменным засталося жаданне стварыць радасць чалавеку, які мае асаблівую патрэбу ў грамадскай увазе. Каб сабраць сродкі на дапамогу нямоглым, у храме іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) паставілі асобную скрыначку, якая штодня напаўнялася грошамі (на іх набыты прадукты для маламаёмасных жыхароў) ці наборамі ласункаў.

Вечарам у дзень Нараджэння Хрыстова і ў калядны тыдзень напярэдадні дня свяціцеля Васілія Вялікага (ці старога Новага года, як кажуць у народзе) прыхаджанкі з царкоўнага брацтва на чале з настаяцелем протаіерэем Сергіем Крышталем наведалі шэраг адпаведных устаноў.

Свяшчэннік і вернікі павіталі пацыентаў бальніцы сястрынскага догляду і насельнікаў аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Госці пагаварылі з людзьмі, уручылі ім салодкія падарункі, падзякавалі медыцынскім і сацыяльным работнікам за такую няпростую, але такую неабходную работу. Больш працяглай па часе была сустрэча ў сацыяльна-педагагічным цэнтры з дзіцячым прытулкам. Пасля расказу аб калядных падзеях для выхаванцаў арганізавалі віктарыну на веданне біблейскай гісторыі, а да ласункаў у падарунак выхаванцам дабавіліся нескладаныя гульні.

–У кожным калектыве наша размова датычыла Нараджэння Хрыстова, змянення свету з паяўленнем Збавіцеля, – адзначыў айцец Сергій. – Сапраўдная лекцыя адбылася 10 студзеня ў час сустрэчы ў раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. У актавай зале цэнтральнай бібліятэкі сабралася больш за трыццаць чалавек з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Людзі актыўна задавалі пытанні і шкадавалі, што, як заўсёды, не хапіла часу для больш працяглых душэўных зносін. Але, вядома, што падобныя сустрэчы праводзяцца рэгулярна, значыць, кожны зможа высветліць тое, што яго цікавіць. Хіба што ў звычайныя дні вядзем толькі размовы, а ў Каляды ўручылі слухачам яшчэ і салодкія падарункі…

Самымі цяжкімі сталі наведванні больш як трыццаці сем’яў. Жыхаркі Лунінца, якія актыўна шчыравалі на ўзвядзенне храма, былі адданымі прыхаджанкамі, а цяпер па стану здароўя ці па іншых прычынах не могуць удзельнічаць у літургіях, з радасцю сустракалі бацюшку і маладзейшых верніц. Успамінам, здавалася, не будзе канца, – старажылкам так не хацелася развітвацца з доўгачаканымі гасцямі…

–У святочныя дні нам даводзілася выслухоўваць далёка не радасныя навіны, – айцей Сергій дагэтуль перажывае боль сваіх падапечных. – Хтосьці цяжка захварэў, у кагосьці церпяць блізкія сваякі. Але людзі чакаюць сустрэчы з Богам, сустрэчы з аднадумцамі. Некаторыя бабулі, якіх потым унукі прывезлі на Богаслужэнні, проста зіхацелі шчасцем нядаўніх шчырых размоў і памнажалі гэтую радасць, расказваючы аб калядным віншаванні… Складанае становішча і ў многіх няпоўных сем’ях. У адных – памерла мама, у другіх – пакінуў бацька. І, калі сэрцам успрымаеш гэтыя беды, пасля ўсведамлення бед іншых здаюцца нязначнымі ўласныя праблемы.

Нельга было застацца абыякавым і пры наведванні сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Яны маюць розны ўзрост – адзін нямоглы малыш ужо з трох год пераадольвае выпрабаванні лёсу. Кожнаму былі адрасаваны шчырыя словы падтрымкі і пажаданні моцы духу, усім уручаны калядныя салодкія пачастункі, а шасці “калясачнікам” аказана і матэрыяльная дапамога.

–Вядомыя словы – Бог ёсць любоў – увасобіліся ў канкрэтныя справы, – станоўча ацэньвае дабрачынны тыдзень бацюшка Сергій Крышталь. – Удзячны кожнаму прыхаджаніну, які адгукнуўся на заклік аб зборы сродкаў, выдаткаваў сваю лепту на справы міласэрнасці і дабрыні. А прадстаўніцы царкоўнага брацтва, якія разам са мной удзельнічалі ў дабрачынных акцыях, прышлі да адзінай думкі: як радасна дарыць падарункі – нават больш прыемна, чым атрымліваць!



Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии