“Православная энциклопедия” – з лунінецкім здымкам

Гэта шматтомнае дыхтоўнае выданне прысвечана 2000-годдзю Нараджэння Хрыстова і выходзіць у Маскве.

У нашым раёне падпіску на энцыклапедыю аформіў вядомы аматар чытання протаіерэй Сергій Крышталь. Бацюшка падказвае, калі ў кнізе паяўляюцца звесткі, што датычацца нашага краю.
45-ы том  утрымлівае шэраг артыкулаў, прысвечаных Мінскай епархіі. Як вядома, у склад яе храмы Лунінеччыны ўваходзілі з 1795 года. У перыяд Польшчы (1921-1939) шэраг прыходаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ўтварылі Палескую епархію. З 1952 года нашы храмы зноў сталі падпарадкоўвацца Мінскай епархіі – у яе назве год быў дадатак Магілёўская, а потым – Беларуская. Так працягвалася да 1989 года, калі была адноўлена Пінская епархія.
Змястоўны артыкул ілюстраваны 17 фотаздымкамі (пераважна – выявы старажытных храмаў). Адзін здымак – параўнаўча сучасны, з такім подпісам (у энцыклапедыі – па-руску): “Наведванне Мінскім мітр. Філарэтам (Вахрамеевым) прыходу ў Лунінцы Брэсцкай вобл. Фатаграфія. Кан. 70-ых гг. ХХ ст.”.
Надрукаваны фрагмент гэтага здымка (фота вядомае краязнаўцам, было змешчана ў кнізе “Лунінецкая памяць. Дадатак-4. Духоўнасць”, 2010).
У цэнтры – мітрапаліт Філарэт, злева ад Уладыкі – настаяцель Кажан-Гарадоцкага Свята-Нікольскага храма айцец Герасім Пракапчук, справа – настаяцель Лунінецкага Свята-Крыжаўзвіжанскага храма айцец Мікалай Яноўскі і Благачынны Пінскага Благачынія айцец Уладзімір Котар.
Іх акружаюць шматлікія прыхаджане – юныя і дарослыя лунінчане. З іх мне вядомы дзве жыхаркі наваколля старой царквы: бландзінка ў праёме ўваходных дзвярэй – Вера Раманаўна Кіпцэвіч з вуліцы Якуба Коласа і злева ад настацеля храма – Варвара Фёдараўна Аляшкевіч з вуліцы Матросава.
На поўным адлюстраванні фота справа ўнізе яшчэ адзін знаёмы – Міхаіл Аляксандравіч Аляшкевіч, дом якога, насупраць храма, стаіць на перакрыжаванні дзвюх вышэй названых вуліц. Зразумела, зямны шлях гэтых людзей ужо завяршыўся. Вось бы адгукнуўся хто з дзяцей, адлюстраваных разам з Уладыкам!

Удакладнім, што гэты здымак зроблены 4 жніўня 1979 года. Падобны захоўваецца ў сем’ях многіх лунінецкіх старажылаў.   

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. 

Комментарии