Уладыка-ўз'яднальнік

Пад гэтым вызначэннем у гісторыі Беларусі застаўся мітрапаліт Літоўскі і Віленскі Іосіф (Сямашка).




Яго памяці былі прысвечаны чытанні ў духоўна-асветніцкім цэнтры “Вытокі” цэнтральнай біябліятэкі г. Лунінца. У юбілейны для Уладыкі год (220 год з дня нараджэння і 150 – канчыны) з асноўнымі момантамі яго біяграфіі і справы жыцця ўпершыню ў студзені пазнаёміла праграма ў храме іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”). Другая сустрэча працягвала і, у пэўнай ступені, дапаўняла першую. Удзельніца абедзьвюх праграм, актывіст раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова адзначыла, што надзвычай прыемна было бачыць зацікаўленасць навучэнцаў:
–З глыбокімі па зместу дакладамі выступілі Ілья Цяльпук (СШ №2 г. Лунінца) і Аня Коваль (гімназія г. Лунінца). Калі ўлічыць, што гэта тэма літаральна адным сказам адлюстравана ў падручніку гісторыі, можна сцвярджаць аб выключна самастойнай працы дзяцей, зразумела, пад кіраўніцтвам настаўнікаў. У юнака, дарэчы, прызёра раённай алімпіяды па гісторыі, – педагог Юлія Іванаўна Ільючык, у дзяўчыны – Ірына Аляксандраўна Грушэўская. Пакаленне нашых бацькоў вітала ўз’яднанне 1939 года. Важна, што юныя сучаснікі даследуюць падзеі 1839 года: лёсавызначальны выбар продкаў заклаў фундамент беларускай нацыі, таму і называем мітрапаліта Іосіфа (Сямашку) адным з яе бацькоў-заснавальнікаў.

Удзельнікамі пасяджэння былі навучэнцы СШ №2 г. Лунінца, політэхнічнага і сельскагаспадарчага каледжаў. Але абмеркаванне тэмы адпавядала не толькі ўстойліваму выказванню “роўны – роўнаму”. Важкасць сустрэчы надалі выступленні памочнікаў благачыннага, што маюць навуковыя званні, протаіерэя Сергія Чыжа (Язвінкі) і протаіерэя Сергія Крышталя (Лунінец). Свяшчэннікі разважалі аб выбары, які, як сведчыць гісторыя, наканаваны ці не кожнаму пакаленню беларусаў. Прыклады выканання грамадзянскага і хрысціянскага абавязку перасягнулі межы адной краіны, таму што выклікі глабалізаванага соцыуму могуць выпрабаваць чалавека на годнасць і веру ў любой частцы свету. Для кожнага з нас – дарослых і толькі ўступаючых у жыццё – у супярэчлівы час барацьбы (іншы раз – тайнай, невідавочнай) розных плыняў важна не памыліцца пры вызначэнні напрамку светапогляду. І своеасаблівым падручнікам можа стаць кніга протаіерэя Аляксандра Раманчука “Мітрапаліт Іосіф (Сямашка): нарыс жыцця і царкоўна-грамадскай дзейнасці” (2015). Народжаны ва ўніяцтве, атрымаўшы польскае выхаванне і каталіцкую багаслоўскую адукацыю, Уладыка прысвяціў жыццё адраджэнню Праваслаўя, менавіта ў ім знайшоў шлях збаўлення. Як бы цяпер ні ацэньвалася скасаванне ўніі, нельга адмаўляць, што мітрапаліт Іосіф (Сямашка) быў славутай асобай і яго дзейнасць спрыяла развіццю беларускай культуры і беларускай нацыянальнай самасвядомасці.


–Гэта сустрэча стала крыніцай ведаў, хаця звычайна гэта словазлучэнне адносім толькі да кнігі, – заўважыла бібліятэкар політэхнічнага каледжа Вера Яўгенаўна Скіба. – Мае калегі падрыхтавалі цудоўную выставу выданняў духоўнага зместу, а свяшчэннікі выдатна прадставілі кнігі. Нават мы, дарослыя, змаглі пераасэнсаваць нейкія падзеі ў мінулым Беларусі. Для дзяцей выступленні і іх равеснікаў, і настаяцеляў храмаў сапраўды сталі інфармацыяй для развагі.


Адзначым таксама, што арганізатары сустрэчы – работнікі цэнтральнай бібліятэкі – не хавалі сваёй удзячнасці свяшчэннікам за перакананне моладзі ў карысці чытання.


Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Таццяны КАРПУКОВІЧ.

Комментарии