Прыгажосць выратавала жыццё

Удзельнік Вялікай Айчыннай Арсеній Багатка (1924-1995) у пасляваенны час быў схоплены бандытамі і не чакаў літасці. Яны ж не расстралялі маладога асілка, пашкадавалі – дзеля яго будучых дзецей…

Аб бацьку расказвае лунінчанка Ірына Прыгодзіч – актыўная ўдзельніца праграм у духоўна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”).

Разам разглядаем фотаздымкі ваеннага часу, на якіх адлюстраваны мужчына ў форме польскага салдата. Вядома, што ў маі 1943 года была створана 1-ая Варшаўская польская пехотная дывізія імя Тадэуша Касцюшкі (дарэчы, намеснікам камандзіра адразу быў прызначаны Баляслаў Кяневіч, ураджэнец Дварца, пазней – генерал-лейтэнант Войска Польскага). Інтэрнэт-крыніцы ўказваюць, што яна была сфарміравана “з польскіх грамадзян і грамадзян СССР – палякаў па паходжанні”.

Гэта вызначэнне можна аспрэчыць – Арсеній Багатка, як і большасць жыхароў “крэсаў усходніх” (на працягу 18-ці год належаўшых Польшчы, а ў 1939-ым – уз’яднаных у складзе адзінай краіны), быў беларусам з добрым веданнем польскай мовы. Многіх яго равеснікаў з Заходняй Беларусі ў жніўні 1944 года прызвалі ў Чырвоную Армію. Арсенію і іншым ураджэнцам вёсак Піншчыны прапанавалі службу ў польскай дывізіі.

–З навабранцаў сфарміравалі цэлы эшалон, – адзначае Ірына Арсеньеўна. – Бацька і трое братоў маёй мамы адразу вырашылі: будзем абараняць Радзіму. А некаторыя недальнабачныя маладыя мужчыны па дарозе выскачылі з “таварнякоў”.

Незайздросны лёс гэтых уцекачоў: хаваліся па лясах. Калі іх лавілі вайскоўцы НКУС, дэзертыраў расстрэльвалі, а сем’і высылалі на поўнач.

Што да Арсенія Багаткі і трох яго шваграў, яны сталі байцамі польскай дывізіі. Сумесна з воінамі Чырвонай Арміі ўдзельнічал ў вызваленні Польшчы, штурме Паморскага вала, у баях на тэрыторыі Германіі.

Аб смеласці і мужнасці бацькі маёй суразмоўцы сведчаць шматлікія баявыя заахвочванні – польскія і савецкія, іх назвы занатаваны ў ваенным білеце, а самі ўзнагароды і пасведчанні беражліва захоўваюцца ў сям’і дачкі.

Сустрэўшы Перамогу ў форме польскага салдата, Арсеній Багатка працягваў тэрміновую службу ў Чырвонай Арміі.

У адным з гарадоў Літвы і здарыўся той драматычны выпадак. Вайна закончылася, але так званыя “лясныя браты” яшчэ некалькі год трымалі ў страху наваколле. Чырвонаармейцы былі раскватэраваны па дамах звычайных жыхароў. Палешука ўзнялі прама з ложку і паставілі да сценкі. Далей – амаль цудоўная гісторыя выратавання.

–Бацька расказаў, што бандыты былі ўражаны яго знешнім абліччам, – у доказ Ірына Арсеньеўна паказвае фотаздымкі прыгожага і высокага, пад 2 метры, роднага чалавека. – Яны пашкадавалі маладога мужчыну і адпусцілі на волю: няхай у цябе народзяцца такія ж прывабныя і моцныя дзеці…

Цікава, што ў Савецкай арміі для Арсенія Багаткі не зайшлося абмундзіравання патрэбнага памеру. Калі ён вярнуўся ў родныя мясціны, людзі казалі, што нейкі бадзяга ідзе па вёсцы: куфайка – рукавы па локці, галіфэ – калошы па калені…

На знешнія прыкметы мужа не глядзела жонка – знясіленая ад пакут, яна акрыяла адчуваннем падтрымкі.

Фальварак Чорны Прыбак, уладальнікам якога была сям’я Багаткі, у выніку ваенных дзеянняў ушчэнт разбурылі. Яго жонцы давялося пераехаць у вёску Юзэфіны ў бацькоўскі дом. Спачатку гэта прынесла палёгку. Справа ў тым, што за нядоўгі час сямейнага жыцця Арсеній і Соф’я перажылі смерць трох сыноў (у жудасны час аккупацыі парадзіха страціла іх яшчэ ў сваім улонні). Жанчына спадзявалася, што разам з цяжкімі ўспамінамі беды застануцца ў фальварку. Але ў пасляваенны час бацька Соф’і Пратасавіцкай, выратаваўшы яе ад тыфу, не змог дапамагчы сабе, сваёй жонцы і другой дачцы. Санітар Першай сусветнай вайны памёр у Другую сусветную…

Дачакаўшыся сустрэчы, муж і жонка імкнуліся аднавіць сваю гаспадарку. Гэта ўдалося не адразу, таму што шмат часу забірала занятасць у новаарганізаваным калгасе. І іх каханне зноў падверглася выпрабаванню. Двойчы цяжарная жанчына, знясіленая працай на палетках, страчвала сваіх ненароджаных дзяцей. Калі ж на свет паявіўся шосты хлопчык, у мясцовай бальніцы забыліся памяняць ноччу грэлку каля немаўляці, і дзіця замёрзла…

Што дапамагло ратавацца ад адчаю бацькам? Відавочна, у тым ліку – і трываласць былога франтавіка, якому вельмі няпроста даўся баявы шлях. Арсеній Адамавіч з аднапалчанамі ўзводзіў пантонныя масты. Здараліся выпадкі, калі байцам даводзілася стаяць па шыю ў вадзе, пакуль закончыцца нямецкая бамбардзіроўка. На бераг выходзілі адзінкі… Арсеній Багатка страціў многа баявых сяброў. У 1960-ыя і пазней, калі грамадства нарэшце прызнала заслугі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, не згаджаўся на просьбы дочкі выступіць у школе на ўрачыстасцях з нагоды Дня Перамогі:

–Вайна – гэта не забава, гэта вялікая бяда. Праўду сказаць не магу, а хлусіць – не хочу…

Але – гэта было крыху пазней. Захаваўшы ж храналогію, адзначым: былы франтавік і яго жонка былі шчаслівымі, што ўрэшце лёс падарыў ім дзіця. Праз 7 год пасля вайны, 7 лістапада 1952 года, нарадзілася дачка, якую назвалі Ірына, што значыць “мірная”.

–Доўгі час я лічыла, што мой дзень нараджэння адзначае ўся наша краіна, – заўважае Ірына Арсеньеўна. – Кастрычніцкія святы – гэта ж два выхадныя дні, дэманстрацыя, упрыгожаныя чырвонымі сцягамі дамы, усмешлівыя людзі…

Моцнага духам палешука, якога наваколле ведала як дбайнага земляроба, не задавальняла калгасная праца “за палачкі”. Нечакана ў мірным жыцці стала запатрабаванай воінская прафесія. Балотны Пінскі край пераўтвараўся пракладваннем трывалых дарог. Арсеній Багатка набыў спецыяльную адукацыю і стаў працаваць дарожнікам. У 1965 годзе ўслед за бацькам сям’я асталявалася ў Пагосце-Загародскім. Шануючы памяць сваіх загінуўшых баявых сяброў, Арсеній Адамавіч актыўна спрыяў добраўпарадкаванню брацкіх магіл. І свой апошні прытулак знайшоў на могілках гэтага старажытнага мястэчка, якому аддаў 30 год жыцця і якое на вачах сучаснікаў страціла былую веліч…

З цягам часу Ірына Арсеньеўна перавезла ў Лунінец маму. З мужам даглядалі састарэлую жанчыну, якая апошнія пяць год была прыкавана да ложку. Удава ветэрана вайны перажыла Арсенія Адамавіча на 15 год і пахавана ў Лунінцы. Гэта было яе апошняе жаданне. Соф’я Пятроўна заўсёды гаварыла:

–Наш шлюб венчаны – мы з мужам сустрэнемся на Нябёсах…

Аднавяскоўцы захапляліся цудоўнымі галасамі Соф’і і Арсенія Багаткаў, але спявалі яны вельмі рэдка. Дачка атрымала вакальны дар у спадчыну ад бацькоў. Цяпер Ірына Арсеньеўна часта спявае. Быццам у памяць пра самых дарагіх людзей, якія для яе – заўсёды жывыя.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота з сямейнага архіва І.Р. Прыгодзіч.

Комментарии