У той день, калі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка аб’яўляў мэту ідучага года, прадстаўнікі элітных устаноў адукацыі з шэрагу палескіх раёнаў у Лунінцы захаплялі значнасцю сваіх родных мясцін.
На VII гісторыка-філалагічныя чытанні, прысвечаныя М.П. Анцукевічу (1892-1971), прыехалі дэлегацыі з Ельска і Жыткавічаў Гомельскай вобласці, Мікашэвічаў і Століна – Брэстчыны. Хтосьці ўпершыню пачуў імя лінгвіста, які, дзякуючы перакладу “Слова пра паход Ігараў”, месцамі сваёй дзейнасці злучыў Беларусь з Літвой і Расіяй. Тыя, хто ўжо раней быў госцем Лунінца, упэўнена адчувалі сябе ў коле сяброў. Але ўсім было цікава пачуць біяграфічны расповяд аб Мікалаі Анцукевічы, які зрабіла Юлія Канапацкая (9-ы клас, Лунінец), і ўрывак з твору яго жыцця (у больш сучасным перакладзе), які прадставілі навучэнкі СШ №4 г. Лунінца Алеся Канапацкая (8 “А”), Ангеліна Бяляк і Юлія Канапацкая (7 “Б”) пад кіраўніцтвам ветэрана-педагога Наталлі Іванаўны Казанковай. І кожны ўдзельнік сустрэчы аддаваў належнае лунінецкаму настаўніку 1920-ых: высокіх мэт можна дасягнуць і ў маленькім горадзе…
Хто шукае – знойдзе! Кожнае даследаванне навучэнцы рыхтавалі шляхам збору матэрыялаў у дзяржаўных і сямейных архівах, у дыялогах з сучаснікамі і ўспамінах былых пакаленняў. Гэта датычыць і палявых запісаў Мікалая Анцукевіча, што лічыліся згубленымі. І толькі летась выпадкова высветлілася: фальклорныя абрады і спевы, што панавалі на Палессі ў пачатку ХХ стагоддзя, у 2014-ым апублікаваны Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Гэта – каштоўны матэрыял для новых пошукаў аматараў даўніны. Копіі матэрыялаў М.П. Анцукевіча са зборніка навуковых прац (тыраж – усяго 40 экзэмплярах) лунінчане ўручылі гімназіям навакольных раёнаў (у дадатак да Падзячных лістоў ад гаспадароў і сувеніраў – ад Лунінецкага ЦБП ААТ “Белаграпрамбанк”).
Гімназія Жыткавічаў (дарэчы, таксама пераемніца школы-інтэрната) носіць імя А.А. Ліхоты. Спадзяемся, у наступны раз даведаемся пра адданага дзецям настаўніка. Так, як сёлета Ліза Пінчук (8-ы клас, Мікашэвічы), расказала пра паэта У.І. Нядзведскага. У філалагічнай секцыі (кіраўнік Таццяна Георгіеўна Стасюк) былі таксама лінгвістычныя і літаратурныя выступленні. Іван Аліфяровіч (11-ы, Лунінец) і Ірына Сыціна (11-ы, СШ №2 г. Лунінца) падзяліліся прыёмамі ў вывучэнні адпаведна англійскай і нямецкай моў. Аляксандра Рыбак (10-ы, Лунінец) дала параўнаўчую характарыстыку галоўных герояў твораў “Дзяцінства” Л. Талстога і М. Горкага; Мікіта Іваноў (11-ы, Ельск) вызначыў культурны код нацыі са старонак раённай газеты “Народны голас”; годнасць і гонар роду адстойваў Уладзіслаў Грэчка (9-ы, Столін). У праекце “Чытаем творы беларускіх пісьменнікаў разам” выступілі лунінецкія гімназісткі Таццяна Нагорная (7-ы), Марыя Хаменка (8-ы), Марыя Пауліч (7-ы). Самае ж вялікае захапленне выклікалі браты Уладзіслаў і Сяргей Якавец (10-ы, Лунінец) з працай “Настасся Якавец – мудрая захавальніца спадчыны”. Юнакі былі адзначаны і прызам глядацкіх сімпатый.
–Задаволены, што згуртаванню адораных дзяцей спрыяе гісторык Мікалай Анцукевіч, што нават юныя філолагі акцэнтуюць увагу на падзеях былых часоў. Вядомая ісціна – той, хто шануе мінулае, мае будучыню. Адношу гэта вызначэнне і да ўсталявання сувязей з гімназіямі палескага рэгіёна, што, упэўнены, і ўмацуюцца, і пашырацца.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Аляксандры ЕЛІЗАВАЙ.
Комментарии
Отправить комментарий