
Калектыў лунінецкай СШ №2 гасцінна прыняў удзельнікаў раённага этапу епархіяльнай вучнёўскай канферэнцыі “Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва”.
Сустрэча пачалася з інсцэніроўкі. Дзяўчынкі-свечачкі, якія адлюстроўвалі Святло, Веру і Любоў, сведчылі аб рэчаіснасці: людзі думаюць толькі пра сябе, не хочуць ведаць пра Бога, адсоўваюць у бок лепшыя пачуцці, што так неабходны іншым… Але Надзея пераконвала: пакуль гарым, зможам запаліць і іншыя свечкі!

Падзякамі адзначаны Сяргей і Уладзіслаў Якаўцы (10-ы клас гімназіі г. Лунінца, бібліятэкар Ірына Пятроўна Раманчук), 10-класніцы з Мікашэвічаў – Вераніка Зяневіч (СШ №1, настаўнік Ева Георгіеўна Галік) і Карына Лахвіч (СШ №2, настаўнік Інна Канстанцінаўна Кухарава), 11-класніцы Аліна Брэзіна (настаўнік Ларыса Васільеўна Албул) з Дзятлавіцкай СШ, Таццяна Горбат (педагог-псіхолаг Алена Міхайлаўна Горбаль) і Паліна Царык (настаўнік Таццяна Канстанцінаўна Грэбень) з Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І. Нядзведскага.

Папрасіла ўдзельнікаў канферэнцыі падзяліцца ўражаннямі.
Метадыст ВМК раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Марына Міхайлаўна Грушэўская:
–Ёсць прытча аб чалавеку, які хацеў стаць самым блізкім да Бога. Той спытаў: а каго ты любіш? У адказ пачуў: толькі Цябе, таму і хачу быць самым блізкім да Цябе. Усявышні сказаў: ты не зможаш наблізіцца да Бога, пакуль не палюбіш бліжніх на зямлі… Атмасфера сустрэчы была прасякнута любоўю: педагогаў – да дзяцей, вучняў – да тэм, што іх зацікавілі…
Намеснік дырэктара СШ №2 г. Лунінца Наталля Вітальеўна Бойка:
–Актыўны ўдзел у арганізацыі сустрэчы прынялі нашы 11-класнікі, якія афіцыйнаму мерапрыемству надалі элементы свята. Было вельмі прыемна, што госці ацанілі нашы намаганні і шчыра дзякавалі гаспадарам…
Актывіст раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Іванаўна Казанкова:
–Заўсёды звяртаю ўвагу на мастацкае аздабленне праграмы і настрой удзельнікаў. Усё заслугоўвае “дзясятак”: тэатралізаваная “прадмова” ў выкананні юных артыстак і цудоўнай спявачкі; навучэнцы, якія ўдала правялі канферэнцыю, – звычайна такія сур’ёзныя справы даручаюць настаўнікам; неабыякавасць дзяцей, адлюстраваная ў іх выступленнях. Сустрэча адпавядала заяўленым духоўна-узнёслым мэтам.
Памочнік благачыннага па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, настаяцель храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” (“Спагнанне загінуўшых”) протаіерэй Сергій Крышталь:
–Кожны з навучэнцаў адказна выканаў сваю працу, раскрываючы маральныя каштоўнасці, якімі прасякнуты ўсе сферы жыцця. Асабліва парадавалі даследаванні, якія прысвечаны нашым землякам. Гэта прыклад усім нам, і ў Год малой радзімы, і ва ўсе часы аддаваць даніну памяці людзям, якія складаюць духоўны падмурак грамадства.
Прысутныя былі ў захапленні ад песні “Лебядзіная вернасць”, якую праспявала 11-класніца Вікторыя Савіч. Гэтым творам Яўгена Мартынава на верш Андрэя Дзяменцьева захапляліся яе бабулі, цяпер – дзяўчынка ХХІ стагоддзя… Выступленні спявачкі і дакладчыкаў пераконвалі, што пакаленне – катэгорыя часовая, а будучыня – у многім вызначэнне маральнае. Хочацца спадзявацца, што і развагі, і дзеянні, заснаваныя на хрысціянскіх запаведзях, стануць нормай жыцця грамадства. Нашы дарослыя і дзеці здольныя гарэць самі і запальваць іншых…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Дзіяны СЛАДЗІНСКАЙ.
Комментарии
Отправить комментарий