"Мы дыхалі паветрам вечнасці…"

Настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) протаіерэй Сергій Крышталь саслужыў мітрапаліту і архіерэям у духоўнай сталіцы Беларусі.

Выкладчык геаграфіі адной з пінскіх школ Мікалай Крышталь захапляўся падарожжамі. У
пачатку 1990-ых гг. атэістычна настроены чалавек паехаў у Полацк, што быў для яго,
перш-наперш, калыскай беларускай дзяржаўнасці. Там толькі пачаў аднаўляцца
манастыр у гонар прападобнай Еўфрасініі Полацкай. Настаўнік пагутарыў з ігуменняй,
названай імем святой, падзяліўся сваёй заклапочанасцю тым, што яго сын у Пінску стаў
прыслужваць у Свята-Варварынскім храме. Матушка Еўфрасінія (Максімчук), цяпер ужо –
светлай памяці, шчыра ўзрадавалася таму, што хлопчык з дзяцінстваў выбраў дарогу да
храма. Яна папрасіла перадаць яму ікону прападобнага Сергія Раданежскага і кнігі пра
заступніцу зямлі Беларускай, быццам блаславіўшы невядомага юнага пінчаніна на
служэнне Богу…
Сімвалічны факт з жыцця расказвае настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне
пагіблых” (“Взыскание погибших”) протаіерэй Сергій Крышталь:
–Падарункі з Полацка ўспрыняў як бясцэную каштоўнасць. І з таго часу – гэта быў 1993
год – марыў наведаць сталіцу нацыянальнай духоўнасці. Быццам і шмат паломніцтваў
ажыццявіў, а вось на поўнач Беларусі шляхі прывялі толькі ў гэтым чэрвені.
Невялікай дэлегацыяй выехалі з Лунінца. Па дарозе чыталі акафісты, малітвы, вялі размовы на духоўныя тэмы. Сярод пяці чалавек быў і Аляксандр Іванавіч Тупека, казначэй нашага прыходу. У Полацку нас радушна сустракала яго сястра – манахіня Феафанія (Тупека). З дапамогай зямлячкі бліжэй адчулі святую зямлю нашай краіны. Нас цёпла прыняла ігумення манастыра Еўдакія (Ляўшук). Завочна быў знаёмы з ёй праз брата- свяшчэнніка – настаяцель храма ў Святой Волі Івацэвіцкага благачынія протаіерэй Мікалай Ляўшук даў мне шмат карысных парад, калі ўзводзілі новы храм у Лунінцы.
Дзяжурны паспрыяў размясціцца ў гасцініцы абіцелі. Мы імкнуліся наведаць усе тры храмы ў Полацку. Адразу трапілі на акафіст. Мяне блаславілі саслужыць архімандрыту Нікадзіму (Генералаву) – майму сакурсніку па Мінскай духоўнай семінарыі. Пасля акафісту
благавейна прыклаліся да святынь. У абіцелі – больш як сто часцінкаў мошчаў, тут усё
насычана паветрам вечнасці. Захапляліся непаўторнай прыгажосці ўбраннем манастыра,
старажытнымі іконамі, проста асэнсаваннем прысутнасці ў сценах абіцелі.
4 чэрвеня ў 17 гадзін пачалося Усяночнае Трыванне (па-руску – Всенощное Бдение). У
саслужэнні многіх свяшчэннікаў літургію ўзначаліў Павел, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяя Беларусі. За Богаслужэннем мы маліліся разам з гасцямі з усіх куткоў Беларусі, з Масквы і многіх мясцін Расіі, а таксама з Украiны. Натхнёныя службай, некаторыя паломнікі пайшлі аглядаць манастыр, але большасць – засталіся ў храме на Таінства Споведзі.
Наступны дзень, 5 чэрвеня, калі святкуецца памяць прападобнай Еўфрасініі Полацкай,
усталі вельмі рана. Трэба было падрыхтавацца да службы. У 5 гадзін раніцы пачалася
Боская Літургія ў галоўным саборы манастыра – Свята-Крыжаўзвіжанскім. Мне выпаў гонар быць у ліку семярых свяшчэннікаў, якіх блаславілі служыць. Наогул у абіцелі праводзілася чатыры Боскія Літургіі: па адной – у храмах, дзве – у саборы. У гэты дзень служылі восем архіерэеў.
У 9 гадзін раніцы Павел, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяя Беларусі, узначаліў хрэсны ход з Сафійскага сабору. У адзінай малітве за Беларусь спалучыліся духоўныя і свецкія ўлады, сярод якіх былі прадстаўнікі адміністрацый Віцебскага аблвыканкама і Полацкага райвыканкама.
Удзельнікаў урачыстасці чакала святочная трапеза. Нам, перапоўненым яскравымі
ўражаннямі, хацелася як мага дольш затрымацца ў манастыры, як мага больш убачыць
амаль тысячагадовых адлюстраванняў вечнасці. Але трэба было вяртацца дамоў…
Увесь час нас суправаджала малітоўнае лікаванне, таму шлях паказаўся вельмі хуткім.
Цяпер з радасцю дзелімся незабыўнымі ўспамінамі са сваімі блізкімі і сябрамі.
Хацеў бы падкрэсліць: нельга здраджваць мары. Калі яна ўгодна Госпаду Богу, яна
абавязкова здзейсніцца. Можна браць і мой прыклад – да сваёй мэты імкнуўся 25 год, але
нарэшце дзіцячыя спадзяванні ажыццявіліся.
–Шаноўны айцец Сергій, можна спытаць: аб чым вы цяпер марыце?
–Мару наведаць Свята-Еўфрасініеўскі манастыр у Полацку зноў…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии