НА ШЛЯХУ ДА ХРАМА



“Аднадумцаў паслухалі – І СЯБЕ ПАКАЗАЛІ”
У 4-ы раз у Пінску адбыліся епархіяльныя праваслаўна-краязнаўчыя чытанні “Да вытокаў сваіх вяртаемся”.

Упершыню ў рэгіянальнай сустрэчы ўдзельнічалі нашы бібліятэкары – Ніна Дамашэвіч (сельгаскаледж, Лунінец) і Лілія Віўдэнка (СШ №1 г. Мікашэвічы). У Год малой радзімы кожны з дакладчыкаў – свяшчэннікі, настаўнікі, культработнікі – імкнуўся захапіць адметнасцямі мясціны, дзе нарадзіўся. Ніна Мікалаеўна і Лілія Даміраўна адлюстравалі ўласныя намаганні ў напрамку духоўна-патрыятычнага выхавання. З захапленнем расказвалі, як шмат даведаліся аб гістарычных падзеях суседніх раёнаў і нават украінскага памежжа. 25 год святкуе адроджаны Свята-Варварынскі жаночы манастыр… Да 120-годдзя рыхтуецца Свята-Троіцкі храм в. Месткавічы… Свае летапісы ствараюць Свята-Увазнясенскі храм в. Ставок (гэтыя тры святыні належаць да Пінскага благачынія) і Свята-Успенскі храм в. Быцень (Івацэвіцкае благачыніе)… Ганаровы госць з Украіны протаіерэй Павел Дубянец нагадаў аб 500-годдзі старэйшага на Палессі Нобельскага Евангелля, што адзначым у 2020-ым… Навуковую падставу мелі даклады кандыдата культуралогіі БрДУ імя А.С. Пушкіна аб узаемадзеянні праваслаўнага духавенства і рускай грамадскасці Брэста ў міжваенны перыяд і галоўнага бібліятэкара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі аб рабоце кніжных скарбніц як сродка духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.
“Пяцігодка” праваслаўнага чытальніцкага клуба “Благавест”, які створаны пры Пінскай бібліятэцы, адзначана шэрагам паломніцкіх паездак. Падвядзенне вынікаў работы называлася “Нам разам цікава”. Гэтымі ж словамі характарызавалі епархіяльныя чытанні прадстаўніцы нашага раёна. Іх уражанні занатавала праграма Пінскага кабельнага тэлебачання. І хаця нашых зямлячак прыспешваў расклад руху па чыгунцы, добрыя справы заўсёды бласлаўляюцца, а значыць – на свой цягнік Ніна Мікалаеўна і Лілія Даміраўна паспелі. На зваротным шляху калегі ажыўлена абмяркоўвалі, якой наступнай старонкай мінулага нашага краю прыцягнуць увагу пінчукоў.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии