Зоркі Хлебнага Спаса

Незвычайная літургія адбылася ў храме іконы Божай Маці “Взыскание погибших”.
На свята Успенне Багародзіцы царква патанала ў кветках. Рознакаляровая прыгажосць аздабляла не толькі плашчаніцу Божай Маці – каля кожнай іконы стаялі букеты. У вазах пераважалі астры – вядома, што назва кветкі азначае “зорка”. А на другі дзень, калі ў народзе святкуецца Хлебны, ці Арэхавы, Спас, і на клірас узышлі юныя “зоркі” – хор праваслаўнай моладзі з горада Бельск-Падляскі (Польшча) на чале з Дарафеем Фіонікам. Праваслаўны публіцыст, гісторык, фалькларыст кіруе аб’яднаннем “Музей малай Айчызны” ў Студзіводах. Усталяванню плённых сувязей Палесся-Падляшша спрыяла таксама сваяцтва вядомага этнографа і настаяцеля Свята-Нікольскай царквы Кажан-Гарадка.
Протаіерэй Дзімітрый Грыб саслужыў літургію настаяцелю Лунінецкага храма протаіерэю Сергію Крышталю. Па традыцыі напярэдадні першага верасня адбыўся малебен за вучняў. Спевы, што гучалі ў выкананні моцных галасоў юнакоў і дзяўчат, зрабілі вялікае ўражанне на прыхаджан, якія кнігамі і кветкамі аддзячылі гасцей. Няхай сапраўды ўсяленская малітва, што адрасавалі Небу прадстаўнікі дзвюх Праваслаўных Цэркваў – Польскай і Беларускай, бласлаўляе на добры шлях юных і дарослых лунінчан.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии