Дзеці з розных паселішчаў нашага краю (сціплага на вядомасць падзеямі ці помнікамі) столькі шчырасці пачуццяў укладвалі ў свае расповяды, што мае ўражанні не здаюцца перавелічэннем!
Дэлегацыю Багданаўскай СШ узначаліла настаўніца Вера Канстанцінаўна Ільючык, вядомая і сваёй паэтычнай творчасцю. Яе дачка, 10-класніца Дар’я Ільючык, пачала з мамінага верша, прысвечанага роднай вёсцы, а потым ахарактарызавала славутасці аддаленага паселішча.
Прэзентацыя вучняў Сінкевіцкай СШ (настаўніца Ірына Іосіфаўна Скачынская) выклікала цікавасць і зместам, і афармленнем. Разам з Лізай Даніловіч праект прадстаўляла Яна Блінова. Яна ўразіла добрым веданнем гісторыі паселішча, што прадэманстравала і без тэхнічных сродкаў.
Прадстаўляўшыя Язвінкі вучаніцы мясцовай школы Яна і Таццяна Грабовічы, Яна Калянковіч і Марыя Паўловіч зрабілі фотаадлюстраванні адметнасцей не толькі свайго сяла. Уяўляюць цікавасць і іншыя паселішчы прыходу – Ракітна і Яжаўкі, якія таксама адносяцца да этнаграфічнага рэгіёну “Вічынскія паляне”. Самая вядомая славутасць звязана з храмам – у пачатку ХХ стагоддзя новы будынак, які ўражвае строгасцю і прыгажосцю народнага дойлідства, узвёў будучы свяшчэннамучанік Іаан Панкратовіч (+1937).
Выхаванцы настаўніцы гісторыі СШ №2 г. Лунінца Дзіяны Раманаўны Сладзінскай прадстаўлялі каманду Свята-Крыжаўзвіжанскага храма. Дзіна Раковіч, Уладзімір Колчын, Ягор Скрыбка і Дзяніс Цяльпук, – сапраўдныя экскурсаводы па адметных мясцінах старога Лунінца! Актыўна выкарыстоўваюць матэрыялы даўняга аўтара раённай газеты Льва Коласава і шчыра шкадуюць аб тым, што пры рэканструкцыі старых будынкаў знікаюць артэфакты мінулага. Відавочна, што дзеці ХХІ стагоддзя не з’яўляюцца абыякавымі назіральнікамі, а значыць – у дарослым жыцці будуць больш беражліва ставіцца да захоўвання гістарычнай спадчыны.
Безумоўна, даследаванні адметнасцей малой радзімы трэба дапаўняць і звесткамі з друкаваных крыніц, і апытаннем думкі папярэдніх пакаленняў. Але гэта – справа наступная. Галоўнае – юныя сучаснікі захапляюцца роднымі паселішчамі і свае пачуцці перадаюць навакольным. Гэта адзначыў сакратар пярвічнай арганізацыі Саюза ветэранаў органаў пагранічнай службы Віталій Драніч:
–Закончыў школу 30 год таму, але ўпершыню даведаўся аб многіх фактах гісторыі і Лунінца, і раёна!
Ад імя грамадскага згуртавання ўручана грамата настаяцелю Язвінскага Спаса-Прэабражэнскага храма протаіерэю Сергію Чыжу – на працягу чатырох год свяшчэннік працуе з педагогамі ў час трохдзённага знаходжання на Белым возеры. Прасякнутую ўвагай да малой радзімы сустрэчу можна назваць працягам злёту праваслаўнай моладзі, аб чым заўжды просяць удзельнікі. Не зневажаючы чужое, любіце сваё, – і вашы жаданні будуць ажыццяўляцца!
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.
Комментарии
Отправить комментарий