Разам ўшанавалі народнага песняра

Дзень беларускага пісьменства ў Іванаве парадаваў многімі адметнымі сустрэчамі, якія застануцца “святам, што назаўсёды з табой”.


Наведваючы шматлікія творчыя пляцоўкі (чарговую – цікавейшую за папярэднюю), лунінчане не маглі абмінуць бокам Іванаўскі раённы Дом культуры. Ведалі, што там, сярод іншага, экспануецца выстава Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа з Мінска. Мы абавязаны былі пазнаёміць з матэрыяламі аб класіку беларускай літаратуры (які, як мінімум, тры разы быў у нашым краі) гасцей з расійскага пабраціма Лунінца – горада Палеск Калінінградскай вобласці.
Як не лічыць гэты намер дакладным, калі ў той жа час, што мы накіроўваліся ў РДК, сустрэліся з нашымі глыбока паважанымі ўладыкамі?! Мы бачылі іх (зразумела, здалёк) на Боскай Літургіі ў Свята-Пакроўскім храме г. Іванава, на цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства на галоўнай сцэне ў парку Перамогі, на іншых самых значных момантах урачыстасці ў асяроддзі міністраў і іншых кіраўнікоў краіны і вобласці. А тут, на плошчы, архіерэі былі без шматлікай “світы”, таму мы і асмеліліся падысці пад іх бласлаўленне і запрасіць зрабіць агульны здымак на памяць.
Для высокіх гасцей экскурсію правяла заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, дырэктар музея Зінаіда Мікалаеўна Камароўская (на фота 3-яя, побач, 4-ая, – супрацоўніца музея). Сваёй увагай да ўвекавечання імя народнага песняра вядомы архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан (11-ы). Зацікаўленасць выставай выказаў і наш зямляк, ураджэнец г. Лунінец, епіскап Барысаўскі і Мар’іна-Горскі Веніямін (13-ы, разам з ім быў і духаўнік Барысаўскай епархіі, 7-ы).
За радасць сустрэчы дзякавалі госці з Расіі: старшыня аддзялення ГА “Рэгіянальная Нацыянальна-Культурная Аўтаномія “Калінінградскае зямляцтва беларусаў” у г. Палеск Іван Міхайлавчі Абрамовіч (6-ы); метадыст МЦБ Любоў Мікітаўна Салаўёва (9-ая); заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі, старшыня літаратурнага аб’яднання “Высокая страфа” г. Палеск, член Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Аляксандравіч Васілеўскі (10-ы); дырэктар МБУК “Цэнтральная бібліятэка г. Палеск” Марына Уладзіміраўна Красоўская (15-ая).
Шчырыя водгукі прыемна было чуць лунінчанам, што суправаджалі дэлегацыю. Гэта (злева направа) настаўнік СШ №1 г. Лунінца Зоя Сяргееўна Матор, урач-педыятр Людміла Васільеўна Бойка, настаўнік гімназіі г. Лунінца Ірына Аляксандраўна Грушэўская, аўтар гэтых радкоў, старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Аляксандр Іванавіч Матор, урач-хірург Васіль Сцяпанавіч Бойка, механік лакаматыўнага дэпо Віталій Іванавіч Драніч.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Ганны КУРАК.

Комментарии