“Рэквіем…” – у славу жыцця

Памяць 75-годдзя трагедыі Мелясніцы каля абеліска ахвярам фашызму ў вёсцы адзначана вершамі юных лунінчан, малітвай архіерэя і духавенства благачынія.

Дажджлівае халоднае надвор’е не стала перашкодай лунінецкім гімназістам. Па штогадовай традыцыі дзеці і настаўнікі наведалі адну з “Лунінецкіх Хатыняў”. Сёлета ўдзельнікамі мітынгу былі таксама навучэнцы політэхнічнага і сельскагаспадарчага каледжаў. Вучні 11-га класа СШ №1 г. Лунінца Сафія Патапава, Марына Ільютчык, Аляксандр Цяльпук, Марына Броннікава і Максім Рудовіч прачыталі “Рэквіем па кожным чацвёртым” Анатоля Вярцінскага.
“…Помнім болі і страты свае.
Памяць шуміць, як чароты.
О, як нам вас не стае —
кожны чацвёрты!”.
Вядучая – настаўніца гімназіі Ірына Грушэўская нагадала: цяпер устаноўлена, што ў Беларусі загінуў кожны трэці. Што датычыць Мелясніцы, то ў вёсцы ахвярай акупантаў стаў кожны другі жыхыр. “Тое б было і з народам маім…”. Але і Беларусь, і ўсю Еўропу ад фашызму вызваліла Чырвоная Армія. Неабходна памятаць подзвіг пакалення пераможцаў і супрацьстаяць спробам фальсіфікацыі гісторыі. Да гэтага заклікаў Віталій Драніч – прадстаўнік “пярвічкі” ветэранаў органаў пагранічнай службы. Заўсёдныя ўдзельнікі патрыятычнай акцыі – раённая арганізацыя Беларускага саюза афіцэраў і гарадская структура ДТСААФ, кіраўнікі Лунінскага сельвыканкама і ДП “Хваецкае”, – усклалі да абеліска вянкі.
Пасля літургіі ў Свята-Крыжаўзвіжанскім храме (агульнае прастольнае свята адзначаюць вернікі Лунінца і Мелясніцы) да ўдзельнікаў мітынгу далучыліся архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, благачынны протаіерэй Васілій Дужак, іерэй Аляксій Ільючык. Гучала малітва аб загінуўшых – і ў славу жывучых, якія свята захоўваюць памяць… Так сталася, што 1 кастрычніка – гэта дзень трагедыі вёскі – цяпер ушаноўваюць пажылых людзей. Больш за 10 год пенсіянеры вёскі апякуюцца работнікамі Беларускага Чырвонага Крыжа. Старшыня райкама Таццяна Кацуба і сёлета ўручыла падарункі: асобным – на грамадскай сустрэчы, нямоглым – на даму. Стараста вёскі Ганна Даўгун і актывісткі Марыя Шараметава, Яўгенія Прыходзька, Ніна Канапацкая, Вера Куліковіч (пасля разам наведалі захварэўшую Тамару Літвінчук) дзякавалі ўдзельнікам памятнага мерапрыемства і частавалі вялікімі кавунамі з уласных падворкаў. І ніводная хмарка не азмрочыла вераснёўскую сустрэчу розных пакаленняў аднадумцаў…       
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии