Лістапад – месяц памяці…

Паміж памінальнымі суботамі – Дзімітраўскай і Міхайлаўскай – адзначаецца дзень заканчэння Першай сусветнай вайны.

 Сёлета адзначаем 100-годдзе завяршэння трагічных і гераічных падзей 1914-1918 гг. У нашым раёне ёсць два пахаванні воінаў, загінуўшых у гэты перыяд. У Луніне – гэта чатыры лётчыкі, якія былі ўдастоены вышэйшага гонару таго часу – пахавання на царкоўным пагосце ў Луніне. Напярэдадні памятнай даты ў двары Свята-Барыса-Глебскага храма адбылося ўскладанне вянкоў і кветак да магіл авіятараў. У цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі Лунінскіх сельвыканкама і сярэдняй школы, райваенкамата, гарадской арганізацыйнай структуры ДТСААФ і лакаматыўнага дэпо, раённых арганізацый ГА “Беларускі саюз афіцэраў” і ГА “Беларускі саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы”.
11 лістапада 1918 года было падпісана Камп’енскае мірнае пагадненне, спыніўшае Першую сусветную вайну. Праз 100 год кіраўнікі шэрагу дзяржаў адзначалі гэту дату ўрачыстасцямі ў Парыжы. І ў Лунінцы ў гэты дзень прыгадвалі гістарычныя падзеі. Вядома, што вайсковыя могілкі (па сучаснай вуліцы Чапаева), уладкаваныя ў 1920-ыя гады, з цягам часу былі разбураны. У 2005-ым астанкі воінаў рускай арміі перанеслі на гарадскія могілкі.
Тут у нядзелю настаяцель храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” протаіерэй Сергій Крышталь служыў ліцію памяці. Сярод удзельнікаў набажэства былі работнікі і навучэнцы сельгаскаледжа, былыя ваеннаслужачыя, прадстаўнікі розных сфер жыццядзейнасці. З асаблівым настроем маліліся людзі, чые дзеды былі ўдзельнікамі Першай сусветнай: у Аляксандра Курыльчыка – афіцэр, у Святланы Галка – салдат, якога цуд выратаваў у час газавай атакі немцаў… 
Таццяна Удавенка ўсклала да сціплага абеліску ружы. Дырэктар ПУВП “Вікторыя” ўдзельнічала ў цырымоніі да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай, 1 жніўня 2014 года, калі ліцію тут служыў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан. На ўсіх зрабіла вялікае ўражанне, што архіерэй прынёс жывыя кветкі. Заўважана, што з таго часу многія людзі прыходзяць да магіл з ружамі, гваздзікамі, хрызантэмамі…
Заснавальнік “Вікторыі” Юрый Плаксін выказаў думку, што памяць загінуўшых воінаў Першай сусветнай вайны павінна быць ушанавана больш годна:
–З надпісу на абеліску сведчыць, што перапахавана 70 воінаў. А надмагільны помнік такі маленькі, што проста губляецца на тэрыторыі могілак. Калі не ведаеш, можаш не знайсці. Давайце праз газету звернемся да лунінчан з заклікам добраўпарадкаваць брацкае пахаванне. 100-годдзе памяці абавязвае…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии