“Жывы вобраз настаўніка!”

Так свяшчэннік Сергій Крышталь захапляўся адным з дакладчыкаў Свята-Макарыеўскіх чытанняў па тэме “Моладзь: воля і адказнасць”.

У другі раз на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася сустрэча аднадумцаў. Яе арганізавалі Пінская епархія – у асобе кандыдата багаслоўя, кіраўніка аддзела па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі протаіерэя Віктара Сачкоўскага – і Пінскі гарвыканкам, дакладней – аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі, а таксама ўпраўленне па адукацыі.
Лунінецкі свяшчэннік даў высокую ацэнку дакладу кандыдата педагагічных навук, дацэнта БрДУ імя А.С. Пушкіна Любові Макаравай:
–Гэта выступленне – дакладнае не толькі па сутнасці! Кожную падзею, кожны факт Любоў Сямёнаўна выкладала настолькі неабыякава, усхвалявана, эмацыянальна, што не магла не захапіць аўдыторыю. Гэта – прыклад сапраўднага настаўніка і шчасціць тым, каму ён сустракаецца на жыццёвым шляху!
Выступленне прамоўцы было прысвечана ролі ўніверсітэцкай адукацыі ў духоўным станаўленні асобы. Своеасаблівы доказ яго важнасці прадэманстраваў шэраг дакладчыкаў на секцыі “Воля і адказнасць вачамі моладзі”. Студэнты з універсітэтаў Мінска, Брэста, Мазыра, іншых гарадоў дзяліліся думкамі аб хрысціянскіх ідэалах, ролі нядзельных школ у фарміраванні ў дзяцей каштоўнасці працы, справах валанцёраў і добраахвотнікаў. Слухаючы юнакоў і дзяўчат, думала, што ім пашанцавала на настаўнікаў. І яны, безумоўна, выхоўвалі вучняў сваім прыкладам. Як і сапраўдныя хрысціяне – навакольных…
Дарэчы, гэта быў адзін з адказаў на пытанне, як ва ўмовах вольнага грамадства выхаваць адказнага чалавека. На вектары выхавання асобы ў праваслаўнай духоўнай традыцыі спыніў сваю ўвагу выкладчык Мінскіх духоўных семінарыі і акадэміі, кандыдат багаслоўя, протадыякан Павел Бубноў. Як абмежаванні дапамагаюць дасягнуць вольнай адказнасці? Выдатны прыклад даюць вядомыя спартсмены. Яны многага пазбаўляюць сябе, калі імкнуцца да перамогі. Хіба духоўнасць – не галоўная ўзнагарода, калі ўнутранае ўдасканаленне чалавека выпрацоўвае незалежнасць ад знешніх умоў? Глыбока аналізавалі гэту тэму кандыдат багаслоўя, доктар тэалогіі, дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэй Сергій Лепін і кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, прарэктар Палесскага дзяржаўнага ўніверсітэта Святлана Уласава. Гэтыя дакладчыкі былі такімі ж пераканаўчымі, эмацыянальнымі, захапляючымі адданасцю сваёй справе! Прыклад сапраўднага настаўніка – і дырэктар СШ №12 г. Пінска, кандыдат педагагічных навук Леанід Ярашэвіч, які штогод удзельнічае ў сустрэчах педагогаў і свяшчэннікаў, сёлета – у якасці мадэратара секцыі аб ролі ўстаноў адукацыі ў духоўным станаўленні асобы.
Падалося вельмі станоўчым, што форма ўдзелу ў чытаннях – і вочная, і завочная. Прафесійная занятасць перашкодзіла прысутнасці ў Пінску двух лунінчан – дырэктара політэхнічнага каледжа Андрэя Баўкуновіча і настаўніцы гімназіі Ірыны Грушэўскай, але іх даклады ўключаны ў праграму і будуць выдадзены ў зборніку. Мясцовае благачыніе прадстаўлялі протаіерэй Сергій Чыж (Язвінкі) і протаіерэй Сергій Крышталь (Лунінец). Аб хрысціянскім разуменні патрыятызму разважала інструктар гарадской арганізацыйнай структуры ДТСААФ Алена Пятрэнка – яе выступленне зацікавіла моладзь, а ў духавенства і педагогаў выклікала шчырую ўдзячнасць.
Па агульным меркаванні большасці ўдзельнікаў, заяўленая тэма настолькі важная і шырокая, што павінна быць у парадку дня кожнай адукацыйнай сустрэчы. Прамоўцы давалі шмат інфармацыі для развагі не толькі ўласнымі напрацоўкамі, але і цытаваннем гістарычных асоб. Уразілі і вынікі сацыялагічнага апытання. Калі 10 год таму студэнты аддавалі прыярытэт эрудыцыі, то сёлета на першае месца вылучылі маральнасць. Значыць, маюць плён парасткі асноў праваслаўнай культуры, якія атрымлівае у дзіцячых садках, агульнаадукацыйных ці нядзельных школах будучая моладзь. Хто ведае, можа, курс духоўна-маральнай культуры паявіцца і ў вышэйшых навучальных установах? Галоўнае, каб, падобна самым паважаным настаўнікам, іх вучні “захацелі палепшыць свет тым, што ў ім жывуць”.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии