“Дзякуючы пагранічным войскам я нарадзілася…”

Першы сказ адразу прыцягнуў увагу да прамоўцы.

У інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” настаўніца СШ №2 г. Лунінца Дзіяна Сладзінская расказвала пра сваю сям’ю. Яе бацька служыў у Грузіі, закахаўся ў мясцовую дзяўчыну і прывёз яе ў Беларусь. З дзяцінства дачка чула ўспаміны аб службе на заставе, аб помніку пагранічніку з сабакам, каля якога закаханыя прызначалі спатканні. Летась, больш чым праз 55 год пасля тых лёсавызначальных падзей, Дзіяна Раманаўна наведала Грузію і дзялілася ўражаннямі. Адначасова педагог шкадавала, што з сучасных падручнікаў гісторыі зніклі факты аб пагранічніках, і абуралася асобнымі шоумэнамі, якія зневажаюць імёны легендарных асоб…
Удзельнікамі чарговай сустрэчы духоўна-патрыятычнага праекта былі вучні лунінецкіх СШ №1, СШ №2 і сельгаскаледжа. Нагадалі аб прэпадобным Нестары Летапісцы, памяць якога шануецца ў лістападзе, і прэпадобным Іліі Мурамскім, якога лічаць правобразам першага рускага пагранічніка. Настаяцель протаіерэй Сергій Крышталь расказаў аб наведваннях Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе знаходзяцца мошчы гэтых святых.
Дакументальны фільм пазнаёміў з буднямі Пінскага пагранічнага атрада. Удзельнікамі ўрачыстасці ў гонар яго 25-годдзя былі старшыня Лунінецкай “пярвічкі” Пінскай гарадской арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў органаў пагранічнай службы” Сяргей Сойка і сакратар Віталій Драніч, якія на традыцыйнай суботняй сустрэчы са школьнікамі падзяліліся ўспамінамі аб службе. Завяршыла праграму музычная прэзентацыя аб Архістрацігу Міхаілу, які лічыцца нябесным ахоўнікам пагранічнікаў.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии