З кім да вянца – з тым да канца?

Чым варта кіравацца, заключаючы царкоўны шлюб

У дарэвалюцыйныя часы вянчанне было адзіным варыянтам для тых, хто хацеў пабрацца шлюбам. Пры гэтым у 1897 годзе, паводле перапісу насельніцтва, на тысячу жанатых мужчын прыходзіўся толькі адзін разведзены. Паказчык з разраду фантастыкі, улічваючы сучасную статыстыку разводаў (у Беларусі распадаецца кожная другая сям’я). Ці дапамагае сёння царкоўны шлюб зберагчы лад у сям’і? Як мянялася стаўленне да вянчання ў апошнія 20 гадоў? Якіх прынцыпаў прытрымлівацца, калі хочаш пражыць усё жыццё з адным чалавекам?

Лепш менш, ды лепш

– Пік вянчанняў прыйшоўся на першую палову 1990-ых гадоў. Пасля распаду СССР, дзе атэізм быў замацаваны на дзяржаўным узроўні, людзі масава кінуліся ў царкоўныя шлюбы. Таінства праводзілі без належнай падрыхтоўкі і нават без дакумента з ЗАГСа. Гэта прывяло да пэўнай блытаніны. Мелі месца сітуацыі, калі людзі былі венчаныя з аднымі, распісаныя – з другімі, а жылі – з трэцімі. Чаму так? Дзесяцігоддзі афіцыйнай забароны рэлігіі нанеслі адбітак: людзі проста не разумелі сэнсу вянчанняў, – тлумачыць старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы, доктар тэалогіі протаіерэй Сергій Лепін. – З цягам часу духавенства ў царкве стала больш, з’явілася магчымасць рыхтаваць да таінства кожную пару асобна. Пачалі праводзіцца спецыяльныя гутаркі з маладымі. Такі падыход адсеяў тых, хто разглядаў царкоўны шлюб як магчымасць прыгожай фотасесіі і яшчэ адзін “цікавы” пункт вясельнай праграмы. Выбачайце за іронію, але знаходзіліся тыя, хто разважаў прыблізна так: “Можна ў цырк, а можна ў царкву, можна лебедзяў пакарміць, а можна павянчацца”. Рамантыка, чо!
Змяншэнне колькасці вянчанняў у наш час звязана і з абясцэньваннем самога шлюбу як з’явы. Многія цяпер выбіраюць сужыцельства. Хаця яно па сваёй сутнасці бывае розным. Адны жывуць разам і лічаць, што яны ў шлюбе, толькі незарэгістраваным. Іншыя ўвогуле не прызнаюць сям’ю як форму адносінаў паміж людзьмі і даказваюць, што ніхто нікому нічога не павінен. Маўляў, штамп на пачуцці не ўплывае. 
–Але, тады ў меня пытанне: калі не так важна прысутнасць штампа ў пашпарце, то чаму важна яго адсутнасць? Калі моладзь пачынае сустракацца, то пытанні багаслоўя спачатку цікавяць іх менш за ўсё. Праходзіць час і ўзнікае разуменне, што далёка не ўсе праблемы можна вырашыць, абапіраючыся толькі на сваё каханне. Шлюб – гэта якраз адзін з тых сродкаў, што дапамагаюць у сітуацыях, калі пачуцці пачалі прытупляцца. Узаемныя абавязкі і абяцанні перад Богам стрымліваюць людзей ад маральнага разлажэння ды натхняюць у барацьбе за сваю сям’ю ў пераадольванні дезінтыграцыйных фактараў.
Разам з тым, хапае ў наш час хлопцаў і дзяўчат, якія па-ранейшаму імкнуцца да стварэння традыцыйнай сям’і.
Акрамя таго, нязменным застаецца колькасць вянчанняў пар, якія пражылі доўгі час ў зарэгістраваным шлюбе, выгадавалі дзяцей і дачакаліся ўнукаў. Ім царкоўны шлюб даецца складаней, чым маладым парам. Але ўсё адно добра, што на захадзе зямнога жыцця яны прыходзяць да пэўнага кансенсусу наконт веры ў Бога і неабходнасці царкоўнага шлюбу.

“У горы і радасці, беднасці і багацці”

Першае пытанне ад а. Сергія Лепіна да пар, якія хочуць вянчацца: “Навошта?” Адказ, як правіла, ён чуе прыблізна аднолькавы: “Каб шчасце, здароўе, багацце былі, дзеткі нарадзіліся”. Следам другое пытанне: “А што калі ўсяго гэтага не будзе? Застанецца паміж вамі што-небудзь?” Большасць маладых адказаць не гатовыя.
Свяшчэннікі не стамляюцца паўтараць: вянчанне – не панацэя ад грахоў ці разводу. Так, царкоўны шлюб заахвочвае чалавека быць лепшым, дае сілы і імпэт, каб справіцца са спакусамі. Стварае ўмовы, у якіх будзе прасцей застацца разам, чым разысціся. Але толькі тады, калі чалавек сам прыкладае для гэтага намаганні.
– З хрысціянскага пункту гледжання галоўная мэта сям’і – нават не нараджэнне дзяцей і не вырашэнне матэрыяльнага пытання, а менавіта выратаванне душы. Людзі аб’ядноўваюцца, каб разам змагацца з грахамі і слабасцямі. У шлюбе можна не здабыць грошай, а толькі згубіць іх. І могуць не паявіцца дзеці. Але калі вы ажаніліся, дык, будзьце ласкавыя, штодня працаваць над сабой разам са сваёй паловай. Таінства шлюбу для хрысцян асэнсоўваецца толькі ў адносінах да Хрыста і Царквы. Таму царкоўныя саюзы хрысціяніна з нехрысціянінам немагчымыя ўвогуле, паколькі яны не прадугледжваюць стварэнне сям’і як маленькай царквы, дзе будзе праслаўляцца імя Божае і яго запаветы. Аднак у Беларусі вянчанні паміж праваслаўным і каталікамі нярэдкасць. Праўда, з пэўнай умовай: дзеці павінны быць хрышчаныя ў праваслаўі.
Нават ідэальны на старце шлюб – рэч кволая. Што тады казаць пра тыя адносіны, якія з самага пачатку азмрочваюць адрозненні рэлігійных поглядаў. Іх значнасць з цягам часу становіцца толькі большай. Асабліва калі да гэтага падключаюцца цешчы, свякрові ды іншыя цёткі-дзядзькі. Напрыклад, у спрэчках дзе вянчацца, дзе хрысціць дзяцей: у царкве альбо ў касцёле… Гэта толькі здаецца, што шлюб – асабістая справа дваіх. Не, насамрэч гэта пытанне грамадскае, бо ў выніку шлюбу аб’ядноўваюцца цэлыя роды. Аднак мы маем шмат станоўчых прыкладаў змешанных шлюбаў і, адпаведна, адмоўных – нязмешаных.

Кропка незвароту

Не так даўно на слыху паявілася новае слова “развянчанне”. Многія па няведанні пачалі ўспрымаць яго як антонім да вянчання і сінонім да разводу. Але не ўсё так проста. У епархію прыходзяць пары, якія ўжо даўно не жывуць разам і нават паспелі завесці іншыя сем’і. У іх узнікае жаданне абвянчацца зноў. Вось яны і ўспамінаюць, што калісьці ўжо давалі абяцанне ў вернасці іншаму чалавеку перад Богам. Аднак далёка не кожны можа атрымаць бласлаўленне на паўторны шлюб. Ёсць у народзе ёсць красамоўная прымаўка на гэты конт: “Першая жонка ад Бога, другая – ад людзей, трэцяя – ад чорта”. 
– Царква можа толькі звесці, “развенчваннямі” яна ніколі не займалася. Вянчанне ўяўляе сабой Таінства з адпаведным чынапаследаваннем (спалучэннем малітваў, дзеянняў і песнапенняў), і аніякага чына “развянчання” не існуе, – тлумачыць а. Сергій Лепін. – Людзі не могуць развесці тое, што аб’яднаў Гасподзь! Але часам муж і жонка ствараюць сітуацыі, калі разам жыць немагчыма. Напрыклад, калі адзін з сужэнцаў адмовіўся ад Хрыста, здрадзіў сваёй палавінцы, спакушаўся на яе ці дзяцей жыццё і здароўе. Аборт, які жанчына зрабіла без ведама мужа, невылечныя захворванні, што з’явіліся ў выніку распуснага ладу жыцця, – таксама верагодныя прычыны для разыходу. Тут адзінае, што можа зрабіць царква, – засведчыць, што шлюб спыніў сваё існаванне. Яго няма! Не таму, што духавенства яго ануліравала, а таму што людзі самі яго знішчылі. Царква ў такіх абставінах толькі выдае нешта подобнае на пасведчанне аб смерці – але не людзям, а іх пэўным адносінам.

Ад нуды да грахоў – адзін крок

Настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне загінулых” горада Лунінца протаіерэй Сергій Крышталь падзяліўся мясцовай статыстыкай: за паўгода ён абвянчаў усяго дзве пары.
– Нельга адназначна сказаць, добра гэта ці дрэнна. Сілком маладых у царкву не пагоніш, ды і навошта? Калі ты хрысціянін і імкнешся да праведнага жыцця, то, безумоўна, сам прыйдзеш вянчацца. А калі да веры ты ўсё жыццё быў абыякавы, у царкву не ходзіш, то сапраўды няма чаго станавіцца пад вянец. Да таго ж царква не асуджае шлюбы, які зарэгістраваныя толькі ў ЗАГСе. Магчыма, гэта ваш варыянт.
Вянчанне разумее пад сабой стварэнне сям’і як малой царквы. Дзе муж – сімвал Хрыста, жонка – сімвал Царквы. Царква захоўвае вернасць Хрысту, яна вядзе дзяцей да яго. Галава сям’і – гэта, перш за ўсё, маральны аўтарытэт. Ён ведае як дапамагчы, абараніць і скіраваць у правільны бок. Так павінна быць у ідэале. Зразумела, на практыцы бывае зусім наадварот. Колькі навокал выпадкаў, калі жанчына ўзвальвае на свае плечы мужчынскія абавязкі і цягне лямкі за дваіх.
– Кажуць, быццам цяпер іншыя часы насталі. Многія апраўдваюць сваю распуснасць тым, што “зараз усе такія, сам свет дыктуе новыя ўмовы”. А я не згаджуся. Непрыручаныя страсці кожнага асобна ўзятага чалавека і жаданне іх прыкрыць – вось сапраўдная прычына распаду сем’яў. Апостал Павел сказаў: “Усё мне дазволена, але не ўсе на карысць”. Трэба разумець, што свабода – вялікі дар, але трэба ўмець правільна ёй распарадзіцца.
У свяшчэнніка нярэдка запытваюцца: “Чаму тады нашыя бабулі і дзядулі, якія жаніліся ў савецкі час і не вянчаліся, жылі шчасліва і для іх пытанне разводу нават не паўставала?” А хто іх выхоўваў? Тыя, чые жыццёвыя каштоўнасці складваліся яшчэ ў дарэвалюцыйны час. Сёння ж мы якраз бачым вынікі сямідзесяцігадовага атэізму. А да ХХ стагоддзя так мала разводаў было, бо народ працаваў ад ранку да ночы ў прамым сэнсе. Святыя айцы кажуць: “Калі ў чалавека рукі не занятыя працай, то галава будзе занятая дурнымі думкамі”. Цяпер працуем мы менш, грошай маем больш, вось і пачынаем спакушацца ад нуды, – тлумачыць бацюшка. – У хрысціянстве шмат увагі надаюць паняццю цнатлівасці. Яно азначае не толькі нявіннасць у плане фізічных адносін паміж мужчынай і жанчынай (хаця гэта таксама вельмі важна). Стараславянскае слова “целомудрие” літаральна тлумачыцца як цэласны погляд на свет. Калі яго няма, мы ад адных мэт і ідэй пераскокваем на іншыя. У такім выпадку нам не пазбегнуць бессэнсоўных хістанняў і растрачвання жыцця на пустое. Пра якую тады сям’ю можа ісці гаворка?

Як не памыліцца?

Адна з частых прычын, па якой сучасная моладзь адмаўляецца ад вянчання, – няўпэўненасць у сваім выбары.
– Нічога страшнага ў сумненнях няма, гэта нармальна. Увогуле, упэўненым можна быць толькі ў Божай волі. У Кнізе прарока Ісаі сказана: “Сын мой, нават калі маці забудзе цябе, я ніколі цябе не забуду”. А вось ў 115 Псалме, які чытаем перад прычасцем, знаходзім: “Усякі чалавек – падман”. Гэта не азначае, што нельга нікому давяраць. Можна і, безумоўна, трэба! Але пры гэтым разумеючы, што людзі – не ідэальныя. Калі мы моцна і шчыра кахаем чалавека, то гатовыя пераадолець любыя боязі і сумненні. Жаданне звязаць сваё жыццё з іншым – гэта заўсёды рызыка, – лічыць а. Сергій Крышталь. – Мне падабаецца, што наконт выбару пары раіць старшыня Патрыяршай камісіі па пытаннях сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства протаіерэй Дзмітрый Смірноў. Важна прыслухоўвацца не толькі да сэрца і ўнутранага голасу (яны, дарэчы, нярэдка памыляюцца), але і да цвярозага розуму.
Па-першае, звяртайце ўвагу на інтэлектуальны ўзровень. Ён у абоіх павінен быць прыкладна аднолькавым. Памятайце: вы выбіраеце чалавека, з якім збіраецеся правесці ўсё жыццё. У маладосці можна проста любавацца адно адным, а ў старасці, калі прыгажосць знікне, захочацца і паразмаўляць. І куды прыемней мець побач чалавека, які знаходзіцца “на вашай хвалі”.
Па-другое, сацыяльнае і матэрыяльнае становішча таксама мае значэнне. Як паказвае практыка, пазбегнуць папрокаў, накшталт “ты ўсё жыццё ў маёй кватэры пражыла” ці “мае грошы праядаеш, а сам не зарабляеш”, удаецца нямногім. Іншая справа, калі вы стартуеце і да пэўных вышынь уздымаецеся разам.
Па-трэцяе, пра розніцу ва ўзросце забывацца нельга. “Таму Бог даў, хто ў роўню папаў”, – нездарма казалі нашыя продкі. Калі людзі сходзяцца з тымі, хто на 20-30-40 гадоў за іх старэйшы або малодшы, то думаюць у межах сённяшняга дня. Але наступае заўтра, якое абяцае заўчаснае растанне.
– Вялікія праблемы ў сямейным жыцці бываюць тады, калі побач з вамі чалавек, які “дазваляе сябе кахаць”, а сам не кахае. Такія адносіны нездаровыя, рана ці позна іх чакае правал. Тут і сам вымучышся, і дзеці будуць бачыць скажоную мадэль адносінаў. Хочацца пажадаць усім знайсці таго, хто разгледзіць у вас асобу, якую пакахае і з якой адважыцца пайсці пад вянец.
Ганна КУРАК. Фота Сяргея КАРПУКОВІЧА.

Комментарии