“Бліжэй стаў дзіўны свет паэта”

Сёлета адзначаны нацыянальны юбілей, вытокі якога – у нашым горадзе…

Маю на ўвазе 100-годдзе выдання паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”. Датай пачатку яе стварэння ва ўсіх даведніках указваецца 1911 год. Як вядома, у гэты час будучы класік жыў у Лунінцы. Так што маем прамое дачыненне да славутага помніка беларускай літаратуры. Гуляючы па плошчы Якуба Коласа ў Мінску, заўсёды мару, каб аналагічны юнак са скрыпкай (зразумела, паменшаная копія бронзавай скульптуры) упрыгожваў двор цяперашняй СШ №1 г. Лунінца, – менавіта тут навечна “прапісаліся творы лунінецкага перыяду” народнага песняра.
Здаецца, што новага можна сказаць пра твор, які вывучаюць у школе? Усе памятаем, што ў аснове сюжэту “Сымона-музыкі” – гісторыя скрыпача-самавукі з беднай сям’і, які вандруе па свеце ў пошуках лепшай долі. Ведаем і пра тое, што ў першай рэдакцыі галоўны герой гіне. Але калі аўтар рыхтаваў да выхаду чарговы варыянт паэмы, рукапіс таямнічым чынам знік. У выніку тэкст быў перапісаны з новым фіналам, дзе юнак застаецца жывы.
Памятаю, як на ўроках разам з настаўнікамі “разбіралі” “Сымона-музыку”. І была ўпэўнена, што “скарбніца беларускай мовы” ці “гімн народным талентам”, як называюць паэму філолагі, даўно перакладзена на рускую мову. Ісціна здзівіла. І памылялася не толькі я! Навіна аказалася адкрыццём для лунінецкіх педагогаў-беларусазнаўцаў, якім задавала гэта пытанне.
Аказалася, што поўны пераклад аднаго з галоўных твораў нацыянальнай літаратуры ўпершыню выдадзены ў 2017 годзе ў Санкт-Пецярбургу!
Гэту работу арганізаваў сакратар Ленінградскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Сяргей Порахаў. Ён расказаў, што пару год таму ўнучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч падарыла кнігу свайго дзеда з паэмай “Сымон-музыка”. Сяргей Юр'евіч не ведае беларускай мовы, а прачытаць кнігу хацелася. З цікавасці стаў перакладаць. Паэма даволі аб'ёмная, падключыў да справы сваіх калег-паэтаў. Перакладчыкі перакапалі дзясяткі слоўнікаў, пастаянна кансультаваліся з беларусамі, заслухалі да дзірак аўдыёзапіс арыгінала паэмы ў выкананні тэатральных акцёраў. Адзначаюць, што за гэты час адкрылі для сябе ўсё хараство мілагучнай беларускай мовы: не толькі пявучасць, але і багацце лексікі. На думку Сяргея Порахава, гэты твор – шэдэўр славянскай літаратуры, культурны помнік сусветнага значэння. Нездарма кажуць: калі б Якуб Колас напісаў аднаго толькі “Сымона-музыку”, то было б дастаткова, каб яго імя засталося ў гісторыі беларускага народа...
Вядома, што ў 1918 годзе паэт прысвяціў паэму моладзі. Праз стагоддзе – адрасат той жа. Як адзначыў адзін з літаратуразнаўцаў, “мудрасць коласаўскіх радкоў не залежыць ад часу. На прыкладзе галоўнага героя аўтар паказвае тры варыянты жыццёвага шляху творчага чалавека. Першы – быць вольным, але ўразлівым музыкам. Другі – трапіць пад заступніцтва ўплывовага гаспадара, які будзе шчодра плаціць, але пры гэтым “заказваць музыку”. Трэці – пайсці сцяжынкай прыдворнага блазна. Моладзь ХХІ стагоддзя стаіць перад такім жа няпростым выбарам, як і іх далёкі продак Сымон. Нездарма ў паэмы адкрыты фінал. Кожны вольны выбраць тое, што яму бліжэй”.
Пераклад “Сымона-музыкі” – гэта падарунак да 100-годдзя паэмы. Ён дае магчымасць зірнуць на нашу нацыянальную класіку ў незвычайным выкананні, адкрывае новыя грані тэксту. Кніга выдадзена за кошт гарадской казны Санкт-Пецярбурга. Дзякуючы плёну беларуска-расійскіх сувязей, прыгажосцю “Сымона-музыкі” цяпер змогуць захапіцца і аматары літаратуры ў розных краінах – класіка ж заўсёды сучасная! І на сустрэчы з перакладчыкамі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Мінску мне прыемна было сказаць людзям, якім “бліжэй стаў дзіўны свет паэта”, што Лунінец таксама мае дачыненне да славутага твора.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.
На здымку (справа налева): Марыя Міцкевіч разам з дэлегацыяй з Санкт-Пецярбурга, у складзе якой Аляксандра Таан (3-яя) і перакладчыкі Сяргей Порахаў і Кацярына Кірылава (над кнігай працавалі таксама Ігар Дзяордзіеў, Віктар Кудраўцаў, Наталля Ладзеева).
Фота аўтара.

Комментарии