Шлях да малой радзімы

У Доме культуры чыгуначнікаў праведзена ХІV літаратурна-краязнаўчая канферэнцыя памяці чэкіста і пісьменніка Мікалая Калінковіча (18.12.1950-24.07.1990).

Выстава, афармленая цэнтральнай бібліятэкай, змясціла і кнігі земляка, і ўспаміны аб ім шэрагу аўтараў (найбольш нарысаў прысвяціў М.М. Калінковічу Алесь Карлюкевіч, які цяпер займае пасаду міністра інфармацыі). У Год малой радзімы па-асабліваму ўспрымаліся звесткі аб падзеях і лёсах, што, як у вядомым выказванні, “выйшлі з вартай многіх тамоў малой кніжкі “Лунінец”. Адначасова гучалі імёны лунінчан, якія закладвалі культурна-сацыяльны падмурак горада, – музыкантаў бацькі і сына Матэус, мастакоў братоў Ішчанка, спявачкі Ксеніі Бесан, паэткі Вольгі Аляшкевіч… Іх жыццёвы шлях быў звязаны з чыгункай, таму менавіта станцыя, лакаматыўнае дэпо і дыстанцыя пуці дыпломамі памяці папярэднікаў адзначалі іх творчых паслядоўнікаў.
Сёлета вітанні прымалі ансамбль цымбалістаў Лунінецкай ДШМ (адзін з твораў канцэрта музыканты прысвяцілі памяці кампазітара Ігара Лучанка, які ў свой час неаднаразова наведваў Лунінец), Бастынская СШ (за мастацкае ўвасабленне ў кветках геральдычных элементаў), прадстаўнікі СШ №2 г. Лунінца – 9-класнік Уладзімір Колчын (хлопчык чытаў верш аб вайне, што ўразіў заклікам да міласэрнасці) і настаўніца Святлана Антонаўна Гардзіевіч (за паспяховую падрыхтоўку разам з вучнямі краязнаўчых даследаванняў), настаўніца гімназіі Валянціна Канстанцінаўна Казун (за цыкл вершаў аб малой радзіме), выкладчык Дварэцкай дзіцячай школы мастацтваў Алена Сцяпанаўна Чыж (цудоўная спявачка адну з песень падарыла ўдзельнікам сустрэчы). Кіраўнік дзіцяча-юнацкага ансамбля “Мірыданс” Святлана Адамаўна Галка адзначана дыпломам аддзялення УКДБ па Брэсцкай вобласці “Настаўнік, адданы дзецям”, а яе выхаванцы ў чарговы раз уразілі публіку прыгажосцю харэаграфіі і канцэртнымі ўбраннямі ў “Славянскім вальсе” і танцы “Зямля пад белымі крыламі”. Такімі ж чароўнымі былі іх рухі пад мелодыю “Лунінецкага вальса” – відэазапісам ў выкананні незабыўнай Наталлі Мурко завяршалася праграма.
Гэта – адна з традыцый штогадовай сустрэчы, як і тое, што вядуць яе прадстаўнікі ўстаноў адукацыі райцэнтра. Хочацца спадзявацца, што факты з мінулага горада запомняць вучні СШ №1 г. Лунінца (настаўніца Алена Валянцінаўна Дуньчык), а чыгуначная гісторыя стала бліжэйшай гімназістам (настаўніца Ірына Аляксандраўна Грушэўская). Вучні ж СШ №2 г. Лунінца (намеснік дырэктара Наталля Вітальеўна Бойка) зацікавілі кожнага ўдзельніка, прысвяціўшы свой блок праграмы 20-годдзю заснавання гербаў Лунінца і Мікашэвічаў і 10-годдзю зацвярджэння Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь геральдычных сімвалаў цэнтраў сельсаветаў.
Безумоўна, за паўтары-дзве гадзіны немагчыма адзначыць усе даты лунінецкага календара. Аб самых значных падзеях звычайна інфармуюць публікацыі ў “ЛН”. Але ў віктарыне на веданне краязнаўчых фактаў, надрукаваных у “Лунінецкіх навінах”, не выявілася пераможцаў. Самы час падпісацца на раённую газету, каб ліквідаваць прабелы ў веданні мінулага, – надзвычай злабадзённай тэмы не толькі ў Год малой радзімы.
Як арганізатар сустрэчы і аўтар сцэнарыя, заўсёды ўлічваю думку землякоў для далейшага развіцця справы “радзімазнаўцы”, як называюць Мікалая Калінковіча яго творчыя сябры. З пытаннем аб уражаннях звярнулася да пастаянных гасцей і да новых гледачоў.
Настаяцель храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) протаіерэй Сергій Крышталь:
–Кожны раз з задавальненнем прымаю запрашэнні на сустрэчы. Не толькі таму, што, аматар гісторыі, шмат даведваюся аб мінулым Лунінца. Галоўнае: адкрываю для сябе мноства творчых людзей. І гэта пацвярджае такое ж імкненне да духоўнасці ў сучаснікаў, як і ў іх продкаў: Лунінец і навакольныя Дзятлавічы 230 год былі злучаны ў адной праваслаўнай абіцелі.
Начальнік станцыі Лунінец Сяргей Сцяпанавіч Скіба:
–Чыгуначны вузел набліжаецца да свайго 135-годдзя. Кожная такая сустрэча – набытак у багатую скарбонку нашага мінулага. А ўдзел вучнёўскай моладзі – гэта і пераемнасць пакаленняў, і прафарыентацыя. 
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў падпалкоўнік Уладзімір Іванавіч Жураўлёў:
–Шмат год разам з паплечнікамі ўдзельнічаем у канферэнцыі, захапляючыся энтузіязмам арганізатараў. Цікавасць да мясцовых творцаў злучае прадстаўнікоў розных пакаленняў, розных сацыяльных слаёў. Аб шчырасці і сардэчнасці атмасферы сведчыць тое, што, пасля афіцыйнага выступлення, мне і самому захацелася прачытаць верш. Такі адбыўся мастацкі дэбют…
Старшы памочнік пракурора Іна Расціславаўна Дзерман:
–Упершыню чула выступленне цымбалістаў і ў захапленні ад творчасці музыкантаў! Пасля цяжкага тыдня атрымала вялікі зарад пазітыву і натхнення на новыя справы.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии