«Бессмяротны полк»: у строй устаюць нашы родныя...

У інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших”
прыгадвалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

18 лютага 1945 года ў канцлагеры Маутхаузен фашысты закатавалі генерала Дзмітрыя
Карбышава... Гібель супала з днём нашага храмавага свята. І вось ужо пяты год
напярэдадні 18 лютага сустракаемся ў памяць Героя Савецкага Саюза. Сёлета разам
ушанавалі і іншых прадстаўнікоў пакалення пераможцаў.
Інструктар-метадыст ГАС ДТСААФ Алена Пятрэнка адзначыла, што ў свой час Д.М.
Карбышаў удзельнічаў у рэканструкцыі Брэсцкай крэпасці, яго імя прысвоена абласной
аўташколе. Алена Сяргееўна прыгадала маёра Аліма Лупаенку – былы штурман марской
авіяцыі, які, выйшаўшы ў запас, выкладаў ваенную справу ў СШ No1 г. Лунінца, быў сынам
загінуўшага абаронцы Айчыны Аляксандра Лупаенкі...
Прадстаўнікоў Лунінецкай арганізацыі Беларускага Саюза ветэранаў органаў пагранічнай
службы злучыла застава на Паміры. Генадзь Ярмоліч служыў у 1989-1991, а Уладзімір
Сацкевіч – у 1986-1988 гг. Ён расказаў пра свайго дзеда. Унук не толькі беражэ яго
ўзнагароды, але і на сайтах Міністэрства абароны даследаваў баявы шлях, знайшоў
архіўныя дакумены аб подзвігах ездавога 76-мм батарэі 920 сп 247 сд Андрэя
Кірылавіча Сацкевіча. На фронце быў і яго брат Іван. Абодва вярнуліся дамоў, але ў
1980-ыя завяршылі зямное жыццё. Памяць аб пераможцах захоўваюць дзеці і ўнукі.
Лунінчанка Надзея Жук паказала публікацыі “ЛН”:
–Мой бацька – радавы 629 сп 134 сд Даніла Арцёмавіч Шпак, у свой час да Дзён
Перамогі пра яго неаднаразова пісала раённая газета. На адным са здымкаў, дарэчы,
побач з ветэранам – я і мая дачка Люба... Кавалер ордэна Славы ІІІ ступені і ордэна
Айчыннай вайны І ступені, трох баявых медалёў і многіх юбілейных памёр у канцы ХХ
стагоддзя. Летась 9 мая я і ўнучка Кацярына з партрэтам бацькі і дзеда выйшлі на
плошчу, далучыўшыся да акцыі “Бессмяротны полк”.
У гэтым жа страі ішла ветэран педагагічнай працы Валянціна Валько з партрэтам свайго
бацькі. Ураджэнец Азярніцы Васіль Афанасьевіч Юрцэвіч быў сувязным, а затым
байцом партызанскага атрада імя Сталіна. Пасля вызвалення стаў служыць у органах
унутраных спраў. З Беларусі быў накіраваны ў Іркуцк, затым – у Балашыху. У Падмаскоўі
4 гады таму і завяршыў зямны шлях...
Выкладчык гісторыі СШ No2 г. Лунінца Дзіяна Сладзінская ў 2017-ым прыняла ўдзел у
шэсці “Бессмяротнага палка” ў Маскве. Яна перадавала ўражанні са шчырымі эмоцыямі,
якія і цяпер захаплялі слухачоў. Дзіяна Раманаўна падзялілася і абурэннем ад некаторых
тэлешоў, дзе зневажалася памяць закатаванага генерала.
–Хаця ў школьнай праграме цяпер значна скарочана тэма Вялікай Айчыннай, - адзначыла
настаўніца, – лічу сваім абавязкам расказваць дзецям пра многіх не названых у
падручніку герояў і іх подзвігі. Прыкладам мужнасці, сумленнасці і вернасці вайсковай
прысязе заўсёды застанецца Дзмітрый Карбышаў.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии