«Малая Пасха»

Так называюць прастольнае свята – і 18 лютага яго адзначыў прыход храма іконы
Божай Маці “Взыскание погибших”.

Раніцай трава яшчэ была пакрыта шэранем, а ў наваколлі панавала ўжо сонца. Дзякуючы
дынамікам, далёка ад царкоўнага двара разносіліся спевы кліраснага хору і гукі літургіі. Яе
ўзначаліў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан у саслужэнні свяшчэннікаў. Ганаровымі
гасцямі былі таксама протаіерэй Віктар Сачкоўскі і іерэй Аляксандр Сыцэвіч з Пінска,
іерэй Іаан Пашкевіч з Ганцавіч, протаіерэй Валерый Скрабец (Лахва) і іерэй Аляксандр
Барысаў (які будуе храм ў Рэдзігерава), іпадыяканы.
Пасля саборнай малітвы з удзелам шматлікіх вернікаў настаяцель протаіерэй Сергій
Крышталь падзякаваў архіерэю за ўшанаванне сваёй прысутнасцю храмавага свята.
Узнагароду з рук Уладыкі Сцяфана – медаль прападобнамучаніка Макарыя Пінскага –
атрымаў начальнік Лунінецка-Ганцавіцкага ваенкамата Уладзімір Жук. У сваю чаргу
міжрайваенкам уручыў архіерэю юбілейны медаль да 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з
Афганістана.
Ваенная тэма сімвалічна паўплывала на традыцыйную ўрачыстасць вітання. Уладыка
Сцяфан – равеснік вызвалення Беларусі. З настроем на 75-годдзе падзеі выказвалася
шчырае захапленне грамадскімі справамі архіерэя. У сваёй роднай вёсцы на месцы, дзе
раней была школа, Уладыка Сцяфан узвёў храм. Асабліва кранае, што насупраць алтара
– дзве стэлы з імёнамі землякоў, загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай. Вось
прыклад, як трэба любіць малую радзіму!
Вітаючыя архіерэя лунінчане сведчылі, што ў нашым горадзе ёсць надзейны паплечнік у
высакароднай справе ўвекавечання памяці герояў вайны – айцец Сергій Крышталь. Аб
гэтым гаварылі прадстаўнікі пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў органаў
пагранічнай службы, педагогі і вучні сельгаскаледжа, гімназіі і СШ No1 г. Лунінца, якія
актыўна ўдзельнічаюць у духоўна-патрыятычных акцыях. Духоўная прастора храмавага
свята пашырылася, далучыўшы да яго сотні працаўнікоў, калі ад імя цэнтральнай раённай
бальніцы сваю пашану архіерэю і настаяцелю выказала намеснік галоўнага ўрача Вольга
Чынікайла. Сярод падарункаў – пераважна кветак – былі таксама летапіс храма ў
публікацыях раённай газеты і песня ў выкананні адной з паломніц.
У спадзяванні на літасць Божай Маці прыхаджане прасілі духавенства малітваў – за свае
сем’і, наш горад, усіх добрых людзей.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Валянціны СКРАБЕЦ.

Комментарии