ПАДЗЕІ «Божы дух вітаў у высі…»

 ПАДЗЕІ

«Божы дух вітаў у высі…»

 

На сустрэчы ў Пінскім епархіяльным упраўленні дамовіліся аб працягу духоўна-літаратурных стасункаў з Домам Коласа ў Мінску.

 


Як вядома, пачатак ім паклаў светлай памяці Уладыка Сцяфан (Корзун, 25.03.1944-22.04.2022)... Звычайна адзін з Калядных дзён вызначаўся асаблівай урачыстасцю, калі Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны дом-музей Якуба Коласа наведваў архіерэй з Палесся, каб павіншаваць сямейнікаў К.М. Міцкевіча святочнымі падарункамі. Галоўным з іх станавіліся духоўныя песнапенні, часцей за ўсё – у выкананні хора «Усіхсвяцкі» пад кіраўніцтвам рэгента Дзмітрыя Такмакова.

Сёлета ў Калядныя дні паміналі мітрапаліта, Ганаровага Экзарха ўсея Беларусі Філарэта (Вахрамеева, 21.03.1935-12.01.2021) з нагоды гадавіны яго прастаўлення. Але сумная падзея не стала перашкодай для захавання традыцыі – проста змянілася дата наведвання Уладыкам Сцяфанам Дома Коласа. Гэта быў першы тыдзень вясны – масленічны, як кажуць у народзе. І зноў гучалі духоўныя, народныя, папулярныя песні, за што гледачы шчыра дзякавалі апладысментамі. Літаратурную старонку прадставіла ўнучка народнага песняра Марыя Міхайлаўна Міцкевіч. Яна падарыла шаноўнаму госцю выданне Евангелля ў перакладе на беларускую мову, што зрабіў малодшы брат Якуба Коласа – Міхась Міцкевіч (гэтым жа імем быў названы і яе бацька).

У складзе дэлегацыі з Палесся былі і лунінчане. Дырэктару музея Ірыне Уладзіміраўне Мацяс уручаны фотаальбом «Учитель, перед именем твоим позволь смиренно преклонить колени…», прысвечаны 55-годдзю СШ №3 г. Лунінца. Тут змешчаны нарыс па гісторыі адукацыі горада з фотаздымкам Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (03.11.1882-13.08.1956), які 110 год таму быў «рэпетытарам» вучняў Лунінецкага народнага пачатковага вучылішча.

Сёлета працягваюцца юбілейныя мерапрыемствы ў гонар 140-годдзя Якуба Коласа. На міжрэгіянальную канферэнцыю «Палескі след класіка» ў Пінск 18 лістапада была запрошана Вера Данілаўна Міцкевіч, унучка Якуба Коласа. Яна лічыць гэты горад родным – тут вянчаліся яе дзед з бабуляй, аб чым сведчыць мемарыяльная дошка на браме Свята-Варварынскага храма, тут нарадзіўся бацька – старэйшы сын Міцкевічаў.

Галоўнай падзеяй лістападаўскага наведвання сталіцы Палесся для ўнучкі класіка нацыянальнай літаратуры стала знаёмства з Уладыкам Георгіем (Вайтовічам), які сёлета 2 чэрвеня хіратанісаны ва епіскапа Пінскага і Лунінецкага. Архіерэй выказаў намер працягваць духоўна-культурнае супрацоўніцтва з Домам Коласа. Уладыка Георгій асабліва падкрэсліў, што ў цяперашні «смутны час» прыклад жыцця народнага песняра яскрава сведчыць аб вечнасці маральных каштоўнасцей роду і нацыі. Нездарма літаратуразнаўцы лічаць «падручнікам па сямейным выхаванні» кнігу «Табою жыў. Табой жыву…» (навінку РВУ «Выдавецкі дом «Звязда»), прысвечаную жонцы Якуба Коласа. Марыя Дзмітрыеўна Каменская працавала настаўніцай у Пінску, родным горадзе архіерэя, і тут сустрэла свой лёс... Міжволі прыгадалася, што мужа і жонку Міцкевічаў, падобна святым ахоўнікам сям'і, называюць «палескімі Пятром і Фяўроніяй».

Першым гэту думку выказаў Уладыка Сцяфан, які глядзеў на нас з вялікага патрэта ў кабінеце свайго пераемніка па духоўнай пасадзе, быццам благаслаўляючы на далейшыя стваральныя справы ў імя шанавання народнага песняра, дзеля Палесся і Беларусі…

Таццяна Канапацкая.

На здымку з Уладыкам Георгіем і Верай Данілаўнай Міцкевіч (злева направа) – клірык храма Уваскрэсення Славушчага г. Пінска іерэй Мікіта Пшанічны, настаяцель Свята-Параскевінскага храма в. Бастынь Лунінецкага благачынія протаіерэй Іаан Пятрэнка, які з сям'ёй неаднаразова наведваў Дом Коласа, супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага дома-музея Якуба Коласа Іван Сільвестравіч Дубовік.

Фота аўтара.

 

Комментарии