ПАДЗЕЯ Каляды ў Доме Коласа – з малітвай, спевамі, вершамі…

 

ПАДЗЕЯ

Каляды ў Доме Коласа – з малітвай, спевамі, вершамі…

 


Епіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій упершыню наведаў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей народнага песняра ў Мінску.

 

Любоў да нацыянальнай спадчыны ў светлай памяці Уладыкі Сцяфана (25.03.1944-22.04.2022) ажыццяўлялася праз сапраўднае “місіянерства роднай мовы”. У ліку шматлікіх спраў пінскага архіерэя было і штогадовае каляднае віншаванне сваякоў класіка беларускай літаратуры і супрацоўнікаў “храма муз”.

–Вельмі хочацца захаваць і падтрымаць традыцыю, закладзеную Уладыкам Сцяфанам, – адзначыў яго пераемнік па архіпастырскім служэнні Уладыка Георгій. –  На маю думку, “Каляды ў Доме Коласа” – гэта своесаблівае духоўнае адраджэнне беларускага народа.

Для гасцей з Палесся экскурсію правяла праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч. Яна разам з унучкай народнага песняра Верай Міцкевіч сталі саўтарамі кнігі “Табою жыў. Табой жыву…” (2022), прысвечанай жонцы Якуба Коласа. Вядома, што Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч і Марыя Дзмітрыеўна Каменская (якіх, услед за Уладыкам Сцяфанам, называем “беларускімі Пятром і Фяўроніяй”) вянчаліся ў Пінску, дзе на звонніцы Свята-Варварынскага храма ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар гэтай падзеі. Пасля кароткага прадстаўлення новага выдання кніга з аўтографамі нашчадкаў класіка была падорана архіерэю.

З удзячнасцю духавенству Пінскай епархіі за ўвагу да Якуба Коласа Аляўціна Цімафееўна Міцкевіч, удава старэйшага сына, прыгадала, што браты яе бабулі былі свяшчэннікамі, таму Нараджэнне Хрыстова станавілася вялікім сямейным святам з багатым застоллем, дамашнім канцэртам і духоўнымі размовамі.

Параўнальна невялікае кола ўдзельнікаў урачыстасці ў музеі таксама ўвасабляе сямейную атмасферу. Жаданым госцем музычнай каляднай праграмы неаднаразова быў кіраўнік місіянерскага аддзела Пінскай епархіі протадыякан Андрэй Гарбуноў з Баранавіч. Вось і цяпер у музычнай гасцёўні ён не толькі захапіў сталічных гледачоў сваімі спевамі вядомых песень, пачынаючы са сваеасблівага нацыянальнага гімна “Мой родны кут”, але і чытаннем урыўка “Каляды” з паэмы “Новая зямля” – сёлета адзначаецца 100-годдзе выдання. Літаратурны напрамак сустрэчы працягнулі вядомыя пісьменнікі Іна Фралова і Сяргей Трахімёнак, творчасць якіх вельмі любяць і цэняць на Палессі. Як святло Хрыстова Нараджэння напаўняе душы і дамы любоўю, так і калядная праграма праецыравала духоўнасць на ўсе сустрэчы ў Доме Коласа. 

Таццяна Канапацкая. Фота з архіва музея.

Комментарии