2023-гі – Год міру і стварэння Валошка на далоні

 2023-гі – Год міру і стварэння

Валошка на далоні

 

Удзельнікаў ХІІ гісторыка-філалагічных чытанняў памяці М.П. Анцукевіча (1892-1971) упершыню «ўпрыгожыў» аквагрым.


І гэта было не адзінай «разыначкай» традыцыйнай лютаўскай сустрэчы ў гімназіі г. Лунінца. Юныя мастачкі (настаўніца Кацярына Віктараўна Колчына) малявалі на руках «цвяток Радзімы – васілька» ці на шчочках – нацыянальны сцяг. Інтэрактыўная пляцоўка насіла назву «З любоўю да Беларусі», як і побач размешчаная фотазона, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. Шанаваннем справы, якой займаюцца, калег, дзяцей і гасцей былі прасякнуты шматлікія моманты падрыхтаванай калектывам праграмы. Яна спалучыла прафесіяналізм педагогаў і захопленасць вучняў, дэманструючы пераемнасць пакаленняў як найвялікшую каштоўнасць грамадства. Бібліятэкар Ірына Пятроўна Раманчук стварыла фотаэкспазіцыю «Хроніка чытанняў», што адлюстравала прадстаўнікоў Мінска, Брэста, Пінска, Вільнюса, якія на працягу 11-ці год узбагачалі веды гімназістаў аб даследаваннях у розных сферах навукі. Аб тым, што прага спасціжэння невядомага ўласціва і юным лунінчанам, сведчылі экскурсіі ў навуковую лабараторыю. Настаўніца Таццяна Уладзіміраўна Кароль захапіла «разумнікаў і разумніц» доследнай дзейнасцю, дзякуючы чаму можна было паназіраць за гульнёй акварыумных рыбак, патрымаць на руцэ вялікага і прывабнага слімака, уразіцца «народжаным у прабірцы» аксамітным мохам. Камп'ютарны клас з настаўніцай Таццянай Сцяпанаўнай Ганчарэнка і кемлівымі выхаванцамі адпавядаў уяўленню аб інтэлекце ХХІ стагоддзя, як і сучасны інтэр'ер кабінетаў і калідораў корпуса пачатковых класаў, непазнавальна змяніўшы будынак 60-гадовай даўніны.

Гістарычным падмуркам цяперашняй дасканаласці можна назваць рускую рэальную гімназію, якая ў пачатку ХХ стагоддзя дзейнічала на лунінецкім Залессі. Адлюстраваннем тагачаснага побыту захапілі юныя экскурсаводы ў «Беларускай хатцы» (настаўнік Валянціна Канстанцінаўна Казун). Вядучыя коратка нагадалі біяграфію вядомага лінгвіста, якому прысвечаны чытанні, а 10-класнікі Наталля Яраховіч і Глеб Івашкевіч па-мастацку выканалі ўрывак з бессмяротнага «Слова аб палку Ігаравым», пераклад якога ў 1926 годзе быў зроблены і ў Лунінцы.

Разнастайная філалагічная секцыя натуральна працягнулася гістарычнай. Даніной памяці воінам Вялікай вайны 1914-1918 гг., удзельнікам якой быў і Мікалай Пятровіч Анцукевіч, прагучала выступленне «Беларусь на арэне сусветных ваенных дзеянняў» (настаўнік Аксана Рыгораўна Арашкевіч). Састаўной часткай прэзентацыі стала даследаванне «палітыкі генацыду і выпаленай зямлі» ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі. З тагачаснымі пакутамі мірнага насельніцтва знаёміла экспазіцыя «Памяць і боль беларускай зямлі», дзе праз фотаздымкі гістарычнай рэканструкцыі і ўражанні яе ўдзельнікаў быў прадстаўлены фільм «Лахва. Цана свабоды» тэлеканала АНТ. У рамках праекта «Памяць аб'яднае пакаленні» ўспамінамі родных аб падзеях вайны падзяліліся вучні і педагогі, у ліку якіх была намеснік дырэктара гімназіі г. Лунінца Ніна Барысаўна Трэгубава.

Такімі ж пранікнёнымі, прапушчанымі праз сэрцы прамоўцаў і крануўшымі сэрцы прысутных, былі выступленні гасцей. Мастацкім чытаннем і глыбінёй даследаванняў уразіла дэлегацыя гімназіі г. Ельска Гомельскай вобласці на чале з настаўніцай Святланай Аляксандраўнай Далінскай. Тэму праведнікаў народаў свету прааналізаваў вучань Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І. Нядзведскага (настаўніца Кацярына Анатольеўна Корнева).

Кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання гімназіі г. Лунінца Віктар Аляксандравіч Сайко прыцягнуў вучняў да пошукавай работы. Першыя крокі гурткоўцаў адлюстраваў фільм «Бастынь. Месца памяці». Інсцэніроўкай фрагменту трагедыі старажытнай вёскі, што здарылася ў ліпені 1942 года, да слёз кранулі 11-класнікі Мікіта Клімашэўскі, Алеся Коваль, Мікалай Макарэвіч у ролях ахвяр фашызму (настаўніца Марына Генадзьеўна Бандарэнка). 

Ганаровымі гасцямі чытанняў былі старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ Таццяна Анатольеўна Дземідовіч і пісьменнік Анатоль Расціслававіч Бензярук з Жабінкі, у пашпарце якога месцам нараджэння пазначана Бастынь. Літаратар, які глыбока даследуе трагедыі вогненных вёсак, быў узрушаны ўспамінамі пра час выпрабаванняў на малой радзіме і спадзяецца на супрацоўніцтва з лунінецкімі гімназістамі. Кіраўнік творчай суполкі Брэстчыны таксама захаплялася таленавітымі настаўнікамі і здольнымі вучнямі, адзначаючы, што наведванне літаратурных праграм у лунінецкім краі натхняе на новыя цікавыя справы.

Тэму чытанняў «Ад урокаў вайны – да міру і стварэння» раскрывала дыялогавая пляцоўка з развагамі пра гістарычную памяць як аснову выхавання чалавека і грамадзяніна. На дэвізе сёлетняга года сканцэнтраваў увагу ўдзельнікаў сустрэчы протаіерэй Сергій Крышталь – настаяцель храма іконы Божай Маці «Взыскание погибших», што ў лютым адзначыў 10-годдзе асвячэння. Свяшчэннік нагадаў, што для стварэння жыцця самай важнай умовай з'яўляецца мір. У імя яго дарослыя і імкнуцца данесці да дзяцей факты, балючыя на ўзроўні геннай памяці.

Летам мінулага года здымкі ў Лахве паказалі, наколькі глыбока нашы гімназісты ўсведамляюць трагедыю вайны. Чытанні яшчэ раз пераканалі, што моладзь, не зважаючы на гвалт «фэйкаў», многае разумее і ўсведамляе таксама, як гераічныя продкі. Штогадовая сустрэча ў гонар аднаго з перакладчыкаў усходнеславянскага эпасу «Слова аб палку Ігаравым» – наша імкненне да творчасці, уменне сябраваць рознымі гарадамі, малітоўнае жаданне аднаўлення братэрства народаў Беларусі і Расіі з Украінай. Верым у надзейную абарону нашых межаў ад знешняй небяспекі, а на выклікі недальнабачных суседзяў адказваем мовай любові і кветак…

Таццяна Канапацкая. Фота аўтара і з архіва гімназіі.

Комментарии