Лунінеччына літаратурная 1 ШАНАВАННЕ КНІГІ – У СВЯТА БАГАРОДЗІЦЫ

 Лунінеччына літаратурная 1

Шанаванне Кнігі – у Свята Багародзіцы



На смерць Аляксандра Блока вядомая паэтка адгукнулася вершам: «А Смоленская-то нынче именинница…» (пахаванне генія «сярэбранага веку» адбылося 10 жніўня). ХХХІІ дзень памяці вышэй названага рускага паэта і беларускага даследчыка палескага перыяду яго жыцця пісьменніка-земляка Мікалая Калінковіча адзначалі 21 ліпеня, у свята Казанскай іконы Божай Маці. Ён складаўся з многіх фрагментаў, дзякуючы чаму літаратурная карта Лунінецкага раёна папоўнілася новымі адрасамі. З юнымі і дарослымі жыхарамі сустрэліся нашчадкі Янкі Маўра і Якуба Коласа, а таксама сучасныя літаратары – паслядоўнікі класікаў.

Сінкевічы: мясцовыя стасункі з творцай-юбілярам

Гасцей цёпла прыняла старшыня сельвыканкама Вольга Фёдараўна Клеўжыц. Яна коратка ахарактарызавала сучаснае становішча самай вялікай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі раёна. Прыгадалі і гістарычныя звесткі. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, які ў 1947 годзе наведаў два нашы ўсходнія паселішчы, канкрэтнай справай выканаў наказы выбаршчакаў – у вёсцы была пабудавана новая школа. З цягам часу памяшканне аказалася цесным для мясцовай дзетвары. У новым трохпавярховым будынку Сінкевіцкай СШ у 1992 годзе стварылі музейны куток у гонар заснавальніка беларускай літаратуры. Школа неаднаразова прымала членаў сям’і Якуба Коласа і нацыянальных творцаў. Цяпер жа ў Сінкевіцкім СДК юныя экскурсаводы і настаўнік Ларыса Мікалаеўна Пятровіч разам з культработнікамі і мясцовым актывам віталі шаноўную дэлегацыю.

Для многіх стала адкрыццём, што Якуб Колас і Янка Маўр былі сватамі. Увагай прысутных завалодала іх унучка – Марыя Міхайлаўна Міцкевіч. Прэзентацыю пра дзеда па “кудзелі” яна прысвяціла 140-годдзю Івана Міхайлавіча Фёдарава (29.04{10.05}.1883, Лібава, Курдляндская губернія, Расія, цяпер Ліепая, Латвія – 03.08.1971, Мінск), які ў Беларусі па праву лічыцца заснавальнікам і дзіцячай, і фантастычнай, і прыгодніцкай літаратуры.

Вызначылі і “лунінецкі след” у біяграфіі творцы-юбіляра. Захапляючыся мовай эсперанта, Янка Маўр шмат год узначальваў адпаведнае таварыства. У 1990-ыя гг. яго кіраўніком быў наш зямляк Адам Аляксандравіч Паўлюкавец (04.12.1939-30-10.1994) – кніга з яго аўтографам маецца ў хатняй бібліятэцы М.М. Міцкевіч. А сёлета ў лунінецкім ўрочышчы Мачула адкрыўся помнік ахвярам фашызму – на яго мемарыяльнай дошцы ўвекавечана назва кнігі “Ніколі не забудзем” Янкі Маўра…  

Дзеці атрымалі ў падарунак каляндарыкі з партрэтам творцы-юбіляра, бібліятэка папоўнілася новымі кнігамі з аўтографамі гасцей, а здымкі на памяць зоймуць годнае месца на краязнаўчых стэндах.

Таццяна Канапацкая. Фота Аляксандра Матора.

(Працяг будзе).

 

Комментарии