Лунінеччына літаратурная 5 ШАНАВАННЕ КНІГІ – У СВЯТА БАГАРОДЗІЦЫ… «Святая, как хлеб, деревенька моя»

 Лунінеччына літаратурная 5

Шанаванне Кнігі – у Свята Багародзіцы…

«Святая, как хлеб, деревенька моя»








Цёплым дажджлівым днём, што бліжэй да завяршэння парадаваў яркім сонцам, вёска Цна адзначыла 410-годдзе першага прыгадванняі ў летапісах.

Кажуць, што не стаіць сяло без праведніка. Так ці інакш, але ў свята вёскі жыхароў Цны ўзнагароджвалі за самыя лепшыя чалавечыя якасці – працавітасць, гасціннасць, шчодрасць душы, прыгажосць двароў і дамоў, творчыя захапленні. Падкрэсліваючы вялікую сілу сям'і, падарункі ўручалі старажылам, юбілярам вясельных дат, шматдзетным мамам, будучым першакласнікам. Заахвочванне суправаджалася жартаўлівымі «высокімі званнямі», прысуджэнне якіх апладысментамі падтрымлівалі ўдзельнікі ўрачыстасці на пляцоўцы перад клубам.

Атмасферу добразычлівасці і павагі друг да друга стварыла загадчыца Цнянскага СК Ніна Сцяпанаўна Патурай, якая разам з унучкай-студэнткай Ульянай былі вядучымі традыцыйнай праграмы. Актыўную ролю старасты ў згуртаванні аднавяскоўцаў адзначылі протаіерэй Дзімітрый Грыб, настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма аг. Кажан-Гарадок, да прыходу якога адносяцца жыхары Цны, і старшыня Гарадоцкага сельвыканкама Іван Карповіч Зубко. Аб'ектыўныя прычыны перашкодзілі далучыцца да свята кіраўнікам ДП «Гарадоцкі», але прадпрыемства таксама заахвоціла лепшых працаўнікоў.

У ліку знакамітых ураджэнцаў вёскі – Мікалай Калінковіч. Летась створана Камісія пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі па творчай спадчыне таленавітага земляка. Яе старшыня, доктар юрыдычных навук, прафесар, член Саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі Сяргей Аляксандравіч Трахімёнак адзначыў, што вядомая песня «Деревня моя, деревянная, дальняя» асацыіруецца ў яго з вёскай Цна, і нагадаў, што аўтар вершаў нарадзіўся ў Новасібірскай вобласці, як і ганаровы госць свята. Сімвалічным падалося і ўручэнне «святога хлеба» – каравая...

Многія цняне захапляюцца паэзіяй, некаторыя – і самі займаюцца вершаскладаннем. Падарункам для аматараў літаратурнай творчасці стала выступленне паэта Іны Фраловай. Яе малая радзіма – Вілейшчына, дзе штогод праводзіць свята «Шыпкоўскія плёсы». Госця з Мінска з цікавасцю знаёмілася з вопытам палескіх культработнікаў. Творы, што прачытала Іна Мікалаеўна, занатавалі партрэты яе землякоў. Напісаныя таленавітым аўтарам, вершы ўспрымаліся і як прысвячэнне нашым бабулям і дзядам, суседзям і знаёмым…

На сцяне Цнянскага СК заняла сваё месца мемарыяльная шыльда, у свой час адкрытая на НСШ. На жаль, будынак быў зачынены, а затым знесены… Але школа вечна жыве ў нашых сэрцах! Самым кранальным момантам свята стала сустрэча выпускнікоў-1973 «васьмігодкі» праз паўстагоддзя пасля яе заканчэння. Сівавалосыя мужчыны і жанчыны дзякавалі настаўнікам і аднавяскоўцам за навуку жыцця, роднай вёсцы – за шчасце паяўлення на свет на цнянскай зямлі.

На імправізаванай сцэне – клубным ганку з выставай вырабаў мясцовых умельцаў – ікона Багародзіцы быццам благаслаўляла ўдзельнікаў свята. Дарослым дарылі свае песні таленавітыя самадзейныя артысты, дзяцей прыцягвалі атракцыёны і салодкая вата, «карэта» для коннай прагулкі.

Перад Цнянскім СК размешчаны помнік загінуўшым землякам і паклонны крыж. Магутная падтрымка ў «храма культуры» і «за спіной» – капліца святой роўнаапостальнай Ніны. Узвядзенне святыні пераконвае, што агульнымі намаганнямі цнянцам пад сілу ажыццявіць і іншыя духоўна-патрыятычныя праекты. Няхай будуць благаславённыя будні, упрыгожаныя і падобнымі святамі, жыхароў вёскі Цна, якая імкнецца да новых юбілеяў!

Таццяна Канапацкая. Фота аўтара і Ірыны Грушэўскай.

Комментарии