Навалецце з новай кнігай

У інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” напярэдадні Дня бібліятэк адбылася прэзентацыя новых краязнаўчых выданняў.
На вокладцы пятай кнігі з серыі “Лунінецкая памяць” адлюстраваны “Месяцаслоў” пачатку ХVIII стагоддзя. Калісьці ён належаў славутаму Дзяцелавіцкаму Нова-Пячэрскаму Спаса-Прэабражэнскаму праваслаўнаму мужчынскаму манастыру. Абіцель, у склад якой, акрамя Дзятлавіч, уваходзілі вёскі Лунінец і Мелясніца, дзейнічала з 1620-ых па 1850-ыя гг.
Цяпер многія нават не ведаюць аб самай вялікай святыні нашага края, уражанні аб наведванні якой пакінуў свяціцель Дзімітрый, мітрапаліт Растоўскі (1651-1709), а кніга, як бачым, захавалася і знаходзіцца ў раённым краязнаўчым музеі. Гэта дае падставы ўслед за класікам паўтарыць “Рукапісы не гараць…”.
Удзельнікі абмеркавання нарысаў, змешчаных у чарговым выданні, выказалі спадзяванне, што навакольныя мясціны і знаёмыя персанажы прыцягнуць увагу моладзі да гэтай кнігі і, хочацца верыць, пераканаюць сучасных юнакоў і дзяўчат у важнасці чытання.

Комментарии