Званок на першы ўрок


прагучаў ў прыходзе ў гонар іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) г. Лунінца.
Пасля Боскай Літургіі ў вялікае свята Нараджэння Багародзіцы ўрачыста адкрыліся заняткі ў нядзельнай школе храма. Настаяцель іэрэй Сергій Крышталь падзякаваў за поспехі ў спасціжэнні асноў духоўнасці выхаванцам сярэдняга і старэйшага класаў, а таксама бацькам малодшакласнікаў, якія ўсведамляюць неабходнасць для іх сыноў і дачушак, у дадатак да свецкай, набыццё і рэлігійнай адукацыі. Разам з бацюшкам прысутныя ўзнеслі малітву на пачатак новай справы.
Для самых юных вернікаў падлеткі пад кіраўніцтвам выкладчыцы Ірыны Аляксандраўны Молчан (СШ №2) падрыхтавалі тэатралізаванае свята, у праграму якога актыўна прыцягвалі навічкоў. Яны разгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні, разам спявалі. Дзеці, перайшоўшыя на новую ступень навучання, падарункамі і кветкамі віталі выкладчыцу Таццяну Уладзіміраўну Капліч (гімназія). Малодшую групу выхоўвала Ніна Сіманаўна Ільючык (СШ №1), якая рыхтуецца стаць мнагадзетнай маці – цяпер чакае трэцяе дзіця. На гэты час настаўнічаць згадзілася яе сястра Наталля Сіманаўна Ярмольчык (Лунінская СШ), якой будзе дапамагаць матушка Ірына Мікалаеўна Крышталь.
Для заняткаў у нядзельнай школе падрыхтаваны два памяшканні, абсталяваць якія дапамаглі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (дырэктар Тамара Патурай), індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Труноў, работнікі вытворчых калектываў Лунінца.
На памяць аб свяце першага званка выхаванцы сфатаграфаваліся са свяшчэннікам, якога справядліва лічым першым настаўнікам у духоўнай адукацыі дзяцей і дарослых.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Комментарии