Пятыя
Свята-Андрэеўскія педагагічныя чытанні
адбыліся на базе СШ №2 г. Лунінца.
Восеньскім
канікулам у нашым раёне адпавядае
традыцыйная сустрэча. У пяты раз раіліся
сейбіты “разумного, доброго, вечного”,
адны з якіх нясуць слова Божае ў сваіх
прыходах, другія – даюць святло ведаў
у класах вучням. Але мэта адна –
удасканаленне чалавека, набліжэнне яго
да вобраза Божага, да той асобы, якую
задумваў пры стварэнні Гасподзь. Яна
заклікае шукаць агульныя шляхі
духоўна-маральнага выхавання моладзі
праз супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі
і праваслаўнай царквы.
Шматлікіх
прадстаўнікоў духавенства, настаўніцтва,
грамадскасці вітаў начальнік аддзела
адукацыі, спорту і турызму Іван Раковіч.
Ён падкрэсліў: тэма сустрэчы адпавядае
запавету аднаго з класікаў педагогікі,
што “неабходнымі для кожнага чалавека
прызнаюцца ўменне чытаць, пісаць і
лічыць, веданне асноў сваёй рэлігіі і
сваёй радзімы”. І кожны з удзельнікаў
чытанняў, асэнсоўваючы гэту думку,
выказваў сваю неабыякавасць да падзей
мінулага, што з сучаснасці праецыруюцца
ў будучыню. А яшчэ выступленні былі
прасякнуты шчырай любоўю – да справы,
якой служаць прамоўцы; да людзей, якім
яны адрасуюць праз сэрца выпакутаваныя
веды; да навакольнага свету, у якім, на
жаль, усё менш міру...
Сёлетнія
чытанні былі прысвечаны 1000-годдзю
прастаўлення святога роўнаапостальнага
вялікага князя Уладзіміра (+1015). Яго
жыццё і цяпер можа быць прыкладам для
кожнага, хто прагне збаўлення. Аб значэнні
маючай адбыцца ў наступным годзе падзеі
для народаў, якія выйшлі з адной калыскі
– Кіеўскай Русі, паведаміў настаяцель
Спаса-Прэабражэнскага храма в. Язвінкі
іерэй Сергій Чыж. Бясцэнныя ўрокі
бабулінага выхавання – аб уплыве
роўнаапостальнай княгіні Вольгі на
свядомасць унука гаварыў іерэй Сергій
Крышталь, настаяцель храма іконы Божай
Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание
погибших”) г. Лунінца. Лейтматывам
выступлення настаяцеля Свята-Троіцкага
храма в. Вічын протаіерэя Фёдара Пуцько
аб жыцці князя да і пасля Хрышчэння была
бязмежная ўдзячнасць нашчадкаў за
цывілізацыйны выбар Уладзіміра, які
змяніўся сам (застаўшыся ў народзе пад
імем Краснае Сонейка) і вызначыў
гістарычны шлях усходніх славян.
Сёлета
праваслаўны свет адзначаў 700-годдзе
прападобнага Сергія Раданежскага. Верш
у яго гонар у цудоўным выкананні
настаўніцы СШ №4 Святланы Карпінскай
стаў прысвячэннем усім імяніннікам.
Удзельнікам юбілейнага хрэснага ходу
ад Масквы да Сергіева Пасада быў іерэй
Сергій Плотніцкі, які добра знаёмы
лунінчанам па служэнню ў Свята-Крыжаўзвіжанскім
храме. Цяпер як кіраўнік сацыяльнага
аддзела Пінскай епархіі бацюшка займаецца
будаўніцтвам дабрачыннага прытулка
“Рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў”
і храма ў гонар святога цэсарэвіча
Алексія.
Супярэчлівыя
прыклады з гісторыі развіцця праваслаўя
ў нашым краі прывёў настаяцель храма
Нараджэння Багародзіцы в. Лахва протаіерэй
Валерый Скрабец. Жартаўлівае завяршэнне
яго прамовы ўтрымлівала глыбокі сэнс:
–Каб
захаваць і вёскі, і храмы, іх трэба
любіць. Без любві – як без вады: і ні
туды, і ні сюды…
Увасабленнем
слоў бацюшкі былі педагогі, якія
авалодваюць бясцэнным багаццем ведаў
і перадаюць яго сваім вучням. Аб тым,
што 900-годдзе аўтара “Аповесці часовых
год”, прападобнага Нестара Летапісца,
Пячэрскага (+1114), якое адзначым 9 лістапада,
– падзея ў гісторыі і царквы, і грамадства,
нагадала настаўніца Лунінецкай
гімназіі Ірына Грушэўская. Шматлікія
архіўныя дакументы, апублікаваныя ў
апошні час, прымушаюць да большай
аб’ектыўнасці ў адносінах нават
хрэстаматыйных гістарычных асоб, –
гэта адзначыла настаўніца СШ №2 г.
Лунінца Дзіяна Сладзінская на падставе
новых фактаў аб нацыянальна-вызваленчым
паўстанні 1863-1863 гг. Аб асаблівасцях
вясельнага абраду на даваеннай Лунінеччыне
паведаміла настаўніца гісторыі
Вялуцкай СШ Вольга Волін са спадзяваннем
на выкарыстанне духоўнай спадчыны
продкаў і у ХХІ стагоддзі. Жыццясцвярджальным
гімнам друкаванаму слову прагучала
выступленне бібліятэкара СШ №1 г.
Мікашэвічы Галіны Міронавай, якая
пры актыўным удзеле адміністрацыі,
настаўнікаў і вучняў у сваёй школе
стварае музей буквара – кнігі, што не
падуладна часу.
Нават
пасля завяршэння чытанняў удзельнікі
доўга не разыходзіліся, усхвалявана
абмяркоўваючы пачутыя даклады і
наведваючы выставы, арганізаваныя
работнікамі ўстаноў аддзела ідэалагічнай
работы, культуры і па справах моладзі.
Супрацоўнік краязнаўчага музея Наталля
Паўловіч прадставіла “Выратаваныя
каштоўнасці” – іконы, якія былі
канфіскаваны Брэсцкай мытняй і перададзены
ў фонды. Трэба было бачыць, як многа
людзей благагавейна схіляліся да гэтых
святынь… Работнікі цэнтральнай
бібліятэкі Аксана Максімчук і Таццяна
Лазько расказвалі аб старажытных
факсімільных выданнях, што, да гонару
нацыі, адноўлены ў наш час. Ефрасін’еўскае
і Слуцкае Евангеллі каштуюць вельмі
дорага, знаходзяцца на адказным
захоўванні, як і Біблія на трох мовах,
фотаальбомы, прысвечаныя царственным
страстацерпцам і Патрыярху Алексію ІІ,
мастацкія ілюстрацыі па сюжэтах Старога
і Новага Запаветаў... “Прыгажосць Божага
свету” занатавалі ў сваіх малюнках
вучні мастацкага аддзялення Лунінецкай
ДШМ, выставу якіх падрыхтавалі выкладчыкі
Сяргей Скіба і Станіслаў Баўкуновіч.
Захапляючым завяршальным акордам,
святочным падарункам да першай круглай
даты чытанняў, стаў канцэрт народнага
аркестра народных інструментаў пад
кіраўніцтвам Наталлі Юрцэвіч. Многія
выканаўцы – спевакі царкоўных хораў.
Сугучна біблейскай ісціне гучалі
музычныя шэдэўры, якія можна аб’яднаць
назвай аднаго з іх – “Дзеля любві можна
і памерці…”. Але і педагогі, і свяшчэннікі
працуюць дзеля жыцця. Аб гэтым гаварылі
ўдзельнікі чытанняў.
Загадчык
вучэбна-метадычнага кабінета аддзела
адукацыі Валянціна Богдан:
–Выступленні
настолькі захапілі слухачоў, што,
здавалася, было чутна, як біліся іх
сэрцы. Напярэдадні чытанняў мы з
метадыстам Аленай Іванаўнай Юрко,
арганізатары, вельмі хваляваліся. І
ноччу ў мяне нарадзіўся верш. Аб простых
ісцінах, аб дабры, што перамагае зло, аб
чалавечнасці. І менавіта гэтымі радкамі,
замест афіцыйных фраз, захацелася
закрыць чытанні...
Кіраўнік
аддзела рэлігійнай адукацыі Пінскай
епархіі, настаяцель храма ў гонар святога
пакутніка дзіця Гаўрыіла Беластоцкага
г. Пінска іерэй Віктар Сачкоўскі:
–Святая
царква праз Евангелле кожнаму дае
маральныя арыентыры, якія правераны
тысячагоддзямі. Сэнс жыцця не можа быць
у спажыванні – толькі праз духоўнае
ўдасканаленне пралягае шлях у Царства
Нябеснае. Шмат чуў пра Свята-Андрэеўскія
чытанні. Упершыню прысутнічаў і
пераканаўся, што гэта – Богаўгодная
справа. Жадаю лунінчанам, каб заўсёды
выступленні былі такімі ж глыбокімі, а
кола ўдзельнікаў – шырэйшым, каб чытанні,
што цяпер можна назваць нават епархіяльнымі,
набылі статус міжнародных.
Дырэктар
СШ №2 г. Лунінца Мікалай Гарадкавец:
–Вядома
хрысціянская ісціна, што вера без спраў
ёсць мёртвая. Аналагічна лічым і ў
грамадстве: слова павінна пацвярджацца
справай. Нядаўна нашы вучні правялі
кірмаш міласэрнасці. Вырашылі выручаныя
сродкі накіраваць на ўзвядзенне дзіцячага
хоспісу ў Пінскай епархіі.
Бібліятэкар
політэхнічнага каледжа Вера Скіба:
–Упершыню
была слухачкай чытанняў. Дрыжалі рукі,
калі дакраналася да сапраўдных святынь
– і ікон, і кніг, захаплялася здольнасцямі
юных мастакоў. Перапаўняў гонар за
шчырасць служэння нашых свяшчэннікаў,
за творчасць апантанных, таленавітых
людзей, якія ёсць у кожнай прафесіі –
і ў сферы адукацыі, і ў сферы культуры.
Такі духоўны патэнцыял годны адпавядаць
уяўленню пра нашу чыстую, светлую, Белую
Русь…
Таццяна
КАНАПАЦКАЯ.
Комментарии
Отправить комментарий