«Адна прафесія ад Бога…»

«Адна прафесія ад Бога – настаўнік. Усе астатнія – ад настаўніка…». Гэтыя мудрыя словы сталі лейтматывам сёлетняга прафесійнага свята.
Сярод прыхаджан нашага храма многа ветэранаў педагагічнай працы і цяперашніх работнікаў школ. У Дзень настаўніка настаяцель іерэй Сергій Крышталь павіншаваў усіх людзей, справай жыцця якіх стала «сеяць разумнае, добрае, вечнае». Асабліва шчырыя словы ўдзячнасці былі адрасаваны выкладчыкам нядзельнай школы.
Першай павіталі Ніну Сямёнаўну Ільючык, якая чакае трэцяе дзіця і хутка рыхтуецца стаць мнагадзетнай мамай. На час дэкрэтнага водпуску выхоўваць малодшую групу будуць яе сястра Наталля Сіманаўна Ярмольчык (Лунінская СШ) і матушка Ірына Мікалаеўна Крышталь. З вучнямі сярэдняй групы адказна займаецца Таццяна Уладзіміраўна Капліч (Лунінецкая гімназія). Заняткі ў старэйшых падлеткаў праводзіць Ірына Аляксандраўна Молчан (СШ №2 г. Лунінца), якую можна назваць заснавальніцай духоўнага навучання ў нашым храме.
Бацюшка ўручыў настаўнікам нядзельнай школы кнігі і прыгожыя ружы. У славу ўсіх людзей, якія прысвяцілі сябе педагагічнай працы, гучала «Многая лета» ў выкананні царкоўнага хору.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара


Комментарии