Спяшайцеся рабіць дабро

Як важна ў мітусні будняў захаваць шчырыя пачуцці і падзяліцца сваёй любоўю з людзьмі, якіх выпрабоўвае хвароба.
Так коратка можна абагульніць галоўны вывад Богаслужэння 9 кастрычніка, на якое сабралася дастаткова многа мужчын – спрадвеку ў нас шануюць “пакроўскага Івана”. Настаяцель іерэй Сергій Крышталь паведаміў пра жыццё не толькі Іаана Багаслова. Як вядома, у гэты ж дзень царква памінае свяціцеля Ціхана, патрыярха Маскоўскага і ўсяя Русі. Па Промыслу Божаму бацюшка быў рукапаложаны ў дыяканы ў дзень памяці гэтага святога, служыў у храме ў гонар яго ў Ганцавічах, а летась даставіў з Троіца-Сергіевай лаўры часцінку яго мошчаў у наш храм.
Разам з прыхаджанамі на літургіі прысутнічалі маладыя людзі, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Гэта сустрэча была прымеркавана да Дня Маці, якая ў Беларусі адзначаецца ў вялікае свята Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Маладым інвалідам і мамам, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця, пасля службы свяшчэннік уручыў падарункі. У іх падрыхтоўцы дапамог індывідуальны прадпрымальнік Міхаіл Цыганкоў, удзячнасць якому выказана біблейскай ісцінай: “Не оскудеет рука дающего». Трэба было бачыць, з якой прыхільнасцю аднесліся прыхаджане да гэтай дабрачыннай акцыі! Хочацца спадзявацца, што яна натхніць лунінчан на працяг добрых спраў у адносінах тых, каму значна цяжэй даводзіцца існаваць у адным з намі асяроддзі.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара     

Комментарии