«Дарога да храма» – і для дзяцей, i для падлеткаў

 На гэтым тыдні храм іконы Божай Маці “Спатоленне Пагіблых” (“Взыскание Погибших”) наведалі прадстаўнікі юнага пакалення лунінчан.
У Лунінецкай гімназіі, у якую з восені пераўтворанны ліцэй, вядзецца мэтанакіраваная работа па вывучэнню славутасцей роднага краю. Прэстыжная навучальная ўстанова размешчана ў наваколлях новай царквы. Днямі разам з настаўніцай Наталляй Вітальеўнай Бойка вучні спачатку 5-га, а потым і 7-га класа правялі заняткі ў інфармацыйна-асветным цэнтры пры храме. Тут адбылася гутарка па тэме “Духоўная гісторыя Лунінца”.

У політэхнічным каледжы дзейнічае клуб “Патрыёт” на чале з Іванам Іванавічам Русялевічам. У ім пераважаюць юнакі, а ў літаратурна-краязнаўчым гуртку пад кіраўніцтвам Надзеі Сяргееўны Цяльпук – дзяўчаты. Майстры вытворчага навучання разам з навучэнцамі прайшлі сцяжынай памяці да Кургана Бессмяротнасці над магілай пяці тысяч ахвяр фашызму. Побач размешчаны храм, у якім моладзь сустрэў настаяцель іерэй Сергій Крышталь. Бацюшка правёў своеасаблівую экскурсію па новай царкве, спыніўся на ўладкаванні храма, звярнуў увагу на асабліва значныя іконы. Удзельнікі сустрэчы падкрэслівалі, што не толькі ўзбагацілі свае веды па гісторыі горада і гісторыі рэлігіі. Дзякуючы гутарцы са свяшчэннікам, яны лепш сталі ўсведамляць бясцэннасць чалавечага жыцця, трагізм войнаў, святы абавязак перад памяццю загінуўшых…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.     

Комментарии