Лунінчане шануюць сям'ю


Такі прыемны вывад зрабілі сёстры міласэрнасці храма Богаяўлення, што будуецца ў мікрараёне “Лошыца” г. Мінска.
Прыхаджане сталічнай царквы суправаджалі часцінку мошчаў благаверных князя Пятра і княгіні Феўроніі, Мурамскіх цудатворцаў, якая пяць дзён была адкрыта для пакланення вернікаў у храме іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”) г. Лунінец. На працягу гэтага часу штодзень у 9 гадзін раніцы служылася Боская Літургія, а ў 17.30 вечара – малебен з акафістам святым, якіх па праву называюць ахоўнікамі сям’і.
Мінчане адзначалі, што былі прыемна ўражаны няспынным людскім патокам з гарадоў і вёсак раёна. Яшчэ больш іх здзівілі мясцовыя дзеці.
Справа не ў тым, што бацькі вялі да святыні сваіх сыноў і дочак, – удакладніла сястра Людміла. – У наш храм, дзе пастаянна знаходзіцца часцінка мошчаў Мураўскім цудатворцаў, таксама прыходзяць маліцца сем’ямі. Але якія паслухмяныя вашы хлопчыкі і дзяўчынкі! Гэта бачна па паводзінах каля нашых ларкоў з рэчамі царкоўнага ўжытку. Сталічныя дзеці больш разбэшчаныя, патрабуюць у мам: купі тое, купі гэтае! Тут жа нават падлеткі раюцца з бацькамі: можа, гэта купіць на памяць, можа, што іншае. І цярпліва чакаюць вердыкту бацькоў. Дарослыя ж не спяшаюцца, разважліва выбіраюць, абмяркоўваюць. Такая грунтоўнасць у кожным сказе ці руху!
А мне патэлефанавала шчаслівая дачка з Мінска: ёй падарылі білет на канцэрт Макса Каржа, – заўважыла сястра Марына. – Смяецца: мама, ты ў Лунінец, а я на канцэрт лунінчаніна. Цудоўна, што юнак ганарыцца сваімі каранямі.
Заўсёды лічылі Палессе незвычайным краем, – да размовы далучылася сястра Алена. – Хаця і не ўдалося ажыццявіць экскурсію па горадзе, але завочна, дзякуючы людзям, проста захапляемся вашым Лунінцам.
Шматлікія мясцовыя вернікі спыняліся каля царкоўнага ларка і дзякавалі мінчанам за цудоўную нагоду пакланіцца машчам Пятра і Феўроніі, папрасіць у святых дапамогі ў складанай сітуацыі, памаліцца за захаванне ладу ў сем’ях.
Са здзіўленнем даведаліся, што настаяцель мінскага храма Богаяўлення іерэй Уладзімір Герасіменка – нашчадак у чацвёртым пакаленні свяціцеля Лукі Война-Ясянецкага, архіепіскапа Крымскага, часцінка мошчаў якога знаходзілася ў Лунінцы ў ліпені. А ў нядзелю вечарам, калі айцец Уладзімір прыехаў за святыняй, ён падарыў нашаму храму часцінку мошчаў свайго продка!
Шчыра падзякавалі Богу, што ў лістападзе святы Лука не толькі прывёў благаверных Пятра і Феўронію, але і сам застаўся ў нашым краі…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара і Кірыла САВІЧА.

Комментарии