«Мы ідзем глядзець кіно…»


Такі адказ гучаў у маршрутным аўтобусе на пытанне: “Куды гэта вы сабраліся?” да наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў.
Але спачатку лунінчане розных узростаў, якія патрабуюць асаблівай увагі, у суправаджэнні супрацоўніц раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прынялі ўдзел у Боскай Літургіі ў храме іконы Божай Маці “Спатоленне пагіблых” (“Взыскание погибших”). У гэты дзень шанавалася памяць свяціцеля Іаана Златаустага, архіепіскапа Канстанцінопальскага. Па дзіўным духоўным закліку Аляксандр Шэўчык і Дзмітрый Клімчук адразу сталі менавіта каля іконы гэтага святога, хаця раней на службах у царкве знаходзіліся зусім у іншым месцы. Сюды ж прывезлі інвалідную каляску з Іванам Жуком (яго даставілі транспартам ТЦСАН, а ў храм было ўвайсці нескладана, дзякуючы пандусу).
Затым у інфармацыйна-асветным цэнтры гасцям з асаблівасцямі развіцця, іх мамам і выхавальніцам быў паказаны фільм “Праваслаўны Пецярбург”. Калі відэаператар Тамара Нарэнка спытала ў гледачоў аб уражаннях, яны аднагалосна выказалі захапленне і пажаданне:
А можна мы будзем часцей прыходзіць сюды, каб бачыць такую прыгажосць хаця б на экране?
Настаяцель іерэй Сергій Крышталь з задавальненнем запрасіў стаць пастаяннымі ўдзельнікамі духоўнага відэалекторыя і ўручыў салодкія пачастункі інвалідам. У сваю чаргу загадчык аддзялення Таццяна Яўгенаўна Дырда падарыла бацюшку бярозку з бісера, якую вырабілі яе падапечныя.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.    

Комментарии