Няхай працягваецца лета!

Залаты юбілей, адзначаны ў чырвоны дзень календара – 7 лістапада, настройвае на залатую восень жыцця. Але сёлетняя цёплае надвор’е быццам жадае: няхай як мага даўжэй цягнецца лета! І гэта было не адзіным шчырым пажаданнем урачу-тэрапеўту Галіне ВЕЛЯСЮК пры віншаваннях з 50-годдзем.
Галіна Мікалаеўна, юбілей – нагода не толькі выслухаць добрыя словы, але і самому падзякаваць людзей, якія дапамаглі адбыцца ў жыцці. Каго лічыце такімі?
Перш-наперш – бацькоў. Яны перадалі ў спадчыну не толькі сваю працавітасць, любоў да зямлі – у мяне гэта выказалася ў захапленні вазонамі, але і выдатны прыклад трываласці, жыццёвага аптымізму. Абодва былі сіротамі – мае дзяды загінулі на франтах Вялікай Айчыннай, але мама і тата не крыўдавалі на лёс, а выхоўвалі дзяцей спагадлівымі, паважлівымі да людзей, чулымі да чужога болю.
У доме вашых бацькоў гадаваўся сапраўды літаратурны вобраз – тры сястры!
Гэта яшчэ адна падстава для шчасця. Я – старэйшая ў сям’і, можа, у дзяцінстве і занадта строга выхоўвала малышак. Але мы захавалі сапраўды сястрынскую любоў. Ведаю, што па першым маім званку сёстры падтрымаюць мяне, у сваю чаргу, як і я, у выпадку неабходнасці, дам параду ці акажу дапамогу. Сярэдняя, Тамара, таксама медык, рана выйшла замуж, асталявалася ў горадзе Высокае. Калі ўжо яе дачушка – дарэчы, мая хрэсніца з цудоўным імем Марыя – ашчаслівіла ўнучкамі, бацькі вырашылі пераехаць з роднага Дрэбска пад Брэст, каб быць побач. Малодшая, Таццяна, кантралёр-тэхнолаг на адным з прадпрыемстваў Мінска. Сямейныя святы праводзім па чарзе адна ў адной.
Цікава, што ажаніліся з аднакласнікам. Хаця ў школе ніякіх рамантычных адносін не было, але праз 8 год выпадкова сустрэліся і адчулі, што Віктар – ваша палавінка. Хутка ўзялі яго прозвішча.
Удзячна лёсу за мужа. Надзейны паплечнік, які бярэ на сябе асноўны цяжар гаспадарчых клопатаў. Муж працуе на чыгунцы. У Цне жыве яго старэнькая мама, і муж з братам клапоцяцца пра самага роднага чалавека. Цудоўны прыклад бацькі і дзядзькі для нашага сына Дзімітрыя, ён, дарэчы, – студэнт БелДУТа.
Пасля заканчэння Гродзенскага медінстытута ў 1991-ім вярнуліся на малую радзіму і засталіся адданымі ёй.
Прафесійнае станаўленне адбывалася пад кіраўніцтвам тагачаснага галоўнага ўрача Івана Іванавіча Архіпчыка. Мяне накіравалі ў Дубаўку, у пасёлак для перасяленцаў з пацярпеўшых ад чарнобыльскай бяды вёсак. Калі паўсюдна былі амбулаторыі, там давялося яе ствараць. Многія яшчэ памятаюць гэты час суцэльнага дэфіцыту, калі рэчы былі больш вартымі, чым грошы. За новым абсталяваннем ехалі з пачастункамі. Тут дапамагаў тагачасны старшыня калгаса імя Фрунзе Фёдар Аляксеевіч Бірыла. Дарэчы, ён – стрыечны брат маёй мамы. Смяюся, што несла двайную адказнасць, каб апраўдаць давер радні.
Відавочна, дзякуючы такой цеснай узаемасувязі з кіраўніком гаспадаркі, перанялі і пэўныя арганізатарскія здольнасці?
Безумоўна! Ва ўрачэбным жа плане маім настаўнікам сталі Мікалай Аляксандравіч Рахлей, які тады ўзначальваў Лунінскую амбулаторыю, і намеснік галоўнага ўрача Валерый Георгіевіч Кулага. А наогул па жыцці мяне суправаджае любоў – у літаральным сэнсе слова. Хросная мама – Любоў Аркадзеўна Малечка, адна з пяці маіх стрыечных сясцёр, з якімі сябруем па жыцці. А ў Дубаўцы 17 год адпрацавала з медсястрой Любоўю Дзмітрыеўнай Яўстратавай. Дарэчы, у паліклініцы працуе яе дачка, працягваем сустракацца.
Сем год таму прафесіяналізм вясковага доктара па годнасці ацаніла кіраўніцтва ЦРБ, і вас прызначылі намеснікам галоўнага ўрача.
Гэта прыступка дарагая мне не службовым ростам, а больш цесным сяброўствам з калегай з Бастынскай амбулаторыі. Вось ужо амаль 20 год ідзем па жыцці разам з Валянцінай Іванаўнай Трухановіч. Мы адначасова атрымалі пасады ў раённай адміністрацыі, у Лунінцы сталі яшчэ бліжэй. Абставіны так склаліся, што хутка я вярнулася да абавязкаў участковага ўрача. Мая ж сяброўка даказала прафесіяналізм лунінецкіх медыкаў. Мінуючы абласны этап, адразу ўзначаліла педыятрычную службу Міністэрства аховы здароўя краіны. Вось ужо другі год працуе ў Мінску, але адлегласць не перашкаджае нам заставацца амаль сёстрамі.
Як кажуць, добраму чалавеку шчасціць мець “сваіх людзей” паўсюдна… І ўсё ж якая мясціна адгукаецца ў сэрцы асаблівай шчымлівасцю?
Зразумела, Дубаўка. Там набыла сяброў, з якімі дагэтуль дзелім сум і прымнажаем радасць. З пацыенткі стала яшчэ адной сястрой Мальвіна Пракопаўна Сыціна, якая працавала ў філіяле “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Як доктар наглядала трох яе дзетак, ужо згулялі на двух вяселлях. Яе малодшая Анечка – равесніца майго Дзімкі. Цікава, што мая сяброўка выходзіла замуж за Валянціна Іванавіча 7 лістапада. Разам з маім юбілеем адначалі і 33-годдзе іх шлюбу… А нашымі суседзямі па дзвюхкватэрным катэджы былі настаўнікі – Людміла Сцяпанаўна і Андрэй Мікалаевіч Бярозкі. У вясковай інтэлігенцыі тыя ж турботы, што і ў сялян. Калі хтосьці затрымліваўся на рабоце, тэлефанавалі адзін аднаму: разам са сваёй пакарміце і нашу жывёлу, ці заганіце курачак. Сябруем сем’ямі і цяпер.
Можна сказаць, што галоўны падарунак да юбілею Галіна Мікалаеўна зрабіла сабе сама – у жніўні была дэлегатам ІІІ Усебеларускага з’езду ўрачоў амбулаторна-паліклінічнага звяна.
У Гомелі, дзе праходзіў рэспубліканскі форум, раён таксама прадстаўлялі ўрачы агульнай практыкі Алена Канстанцінаўна Мацкевіч з Луніна і Вольга Васільеўна Мірошкіна з Язвінак.
Дзякуй за ўдакладненне. Але менавіта вас адзначылі высокім званнем “Выдатнік аховы здароўя Беларусі”. Гэта – гонар для ўсяго калектыву ЦРБ. А якое з юбілейных пажаданняў вам асабліва прыемна было чуць?
Кожнаму шчыра ўдзячна за віншаванні. Бадай, не толькі да мяне адносіцца наступнае. Загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі Ірына Уладзіміраўна Іголка пажадала здароўя ўсім навакольным, каб урачы вылечылі ўсіх хворых і займаліся толькі прафілактыкай. Думаю, да гэтых слоў далучаюцца ўсе мае калегі.
Гутарыла Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Юрыя УЛАДЗІМІРАВА.

Комментарии